Учора, 13 жніўня, суддзі Кастрычніцкага раёна Магілёва “пасадзілі” на суткі журналістаў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага.
Суды праходзілі ў будынку ІЧУ ў Магілёве ў закрытым рэжыме, таму пра прысуды сваім калегам мы здолелі даведацца не адразу.
Спачатку ад супрацоўнікаў Магілёўскага ІЧУ паступіла інфармацыя пра тое, што адміністрацыйным арыштам у 8 сутак пакараная Аліна Скрабунова. Справу журналісткі разглядала суддзя Таццяна Міхайлава.
А ўжо вечарам журналісты “Магілёўскага рэгіёну” змаглі даведацца, што 8 суткамі арышту пакараны таксама і Аляксандр Сідарэўскі. Гэту інфармацыю праваабаронцу Барысу Бухелю паведаміла маці журналіста.
Разглядала адміністрацыйную справу Сідарэўскага суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Ясенка.
Абодва журналіста былі пакараныя, нібыта, за парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Няўжо нашым слаўным магілёўскім суддзям невядома, што журналісты не ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах, яны іх асвятляюць, выконваючы тым самым сваю працу па інфармаванню грамадскасці аб найбольш значных падзеях.
Скрабунова і Сідарэўскі былі затрыманыя вечарам 11 жніўня. Дзесьці пасля 18:30 тэлефоны Скрабуновай і Сідарэўскага перасталі адказваць, аднак яны паспелі даслаць паведамленне аб затрыманні знаёмым.
Толькі на наступны дзень удалося высветліць, што журналістаў схапілі праваахоўнікі. Што ім інкрымінуецца, і дзе знаходзяцца журналісты, супрацоўнікі міліцыі не паведамлялі.
Напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў у Магілёве і рэгіёнах вобласці па надуманых падставах былі затрыманыя сотні людзей. Некаторых з іх выпусцілі, аднак большая частка былі пакараныя арыштамі і вялізнымі штрафамі.
Акрамя Скрабуновай і Сідарэўскага, зараз за кратамі ў Магілёўскім ІЧУ знаходзяцца пад арыштам незалежныя журналісты Аляксандр Буракоў-старэйшы (10 сутак), Уладзімір Лапцэвіч (12 сутак), Аляксандр Буракоў-малодшы (10 сутак), Зміцер Салаўёў (8 сутак).
Учора ў Магілёве прадстаўнікі праваахоўных органаў таксама праводзілі затрыманні. Былі дастаўлены ў міліцыю вядомы магілёўскі фатограф Аляксандр Ліцін і давераная асоба Святланы Ціханоўскай Таццяна Сівачэнка. Супрацоўнікі міліцыі правялі з імі гутарку і пасля адпусцілі.
Між тым у Мінску выпускаюць затрыманых за ўдзел у акцыях 9-12 жніўня. Познім вечарам з’явілася інфармацыя, што, нібыта, пачнуць вызваляць і зняволеных за мірны пратэст з ІЧУ ў Магілёве.
На жаль, інфармацыя не спраўдзілася. Каля апоўначы журналісты “МР” прыехалі да будынку ІЧУ, там усё было ціха. Пазней яны здолелі высветліць, што яшчэ раніцай (у 10:20) 13 жніўня, нібыта, супрацоўнікі праваахоўных органаў адпусцілі 12 затрыманых. Гэта інфармацыя зараз удакладняецца.
Іван Барысаў