Невялікі раскоп заклалі проста ў цэнтры касцёла. Ідэю прапанаваў знакаміты беларускі рэстаўратар, мсціславец Юры Маліноўскі. Як адзначаюць спецыялісты, пабудаваны ў 1768 годзе мсціслаўскі касцёл кармелітаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя згарэў, і ў полымі абрынуліся зводы храма. Тады ж, у ХІХ стагоддзі яго аднавілі і ў тым ліку аднавілі знакамітыя фрэскі – выяву Трубяцкой разні і штурма горада.
У выпадку, калі першапачатковыя зводы не былі выкінутыя з храма, а іх проста засыпалі зямлёй і паклалі зверху нову падлогу – у археолагаў існуе шанец знайсці іх рэшткі. Тады стане магчымым аднаўленне першапачатковых фрэсак, а ў перспектыве рэстаўрацыі храма – і аднаўленне зводаў касцёла ў адпаведнасці з гістарычным выглядам.
У любым выпадку раскопкі павінны даць навукоўцам дадатковую інфармацыю па гісторыі касцёла. Кіруе працамі беларускі археолаг, гісторык, доктар навук і старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Мяцельскі. Удзел у раскопках бяруць валанцёры з Магілёва.
Аляксей Бацюкоў