Галоўная » “У пошуках сваёй зоркі” – адкрылася выстава Аксаны Еўдакіменка ў Магілёве

“У пошуках сваёй зоркі” – адкрылася выстава Аксаны Еўдакіменка ў Магілёве

Маладая але ўжо вядомая ў Беларусі і за яе межамі мастачка Аксана Еўдакіменка ў музеі Бялыніцкага-Бірулі выставіла на суд магілёўцаў свае 16 прац, якія створаны за апошнія два гады. Аксана вядома сваёй непаўторнай мастацкай пазнавальнай мовай, якой яна не змяніла і гэтым разам. Толькі яе галоўны герой цяпер іншы.

Адкрыццё персанальнай выставы ў музеі самага вядомага магілёўскага мастака для любога майстра – вялікі гонар. Выпускніца віцебскага худграфа ўжо 17 гадоў выстаўляе свае творы на самых разнастайных мастацкіх выставах. На думку мастацтвазнаўцаў яе творчасці ўласціва мастацкая эмацыйнасць, вірлівая лірычная фантазія, спалучэнне аналітычнага і сінтэтычнага бачання свету. Гульня яе ўяўленняў і ўменне спалучыць неспалучальнае стварыла непаўторны пазнавальны стыль. Вобраз чалавека ў яе карцінах лёгка змыкаецца з абстракцыяй і прарываецца праз асабістае “Я”.

Аксана Еўдакіменка прадставіла на суд магілёўцаў свае працы за апошнія два гады. З яе словаў цяпер “у яе з’явіўся суаўтар” – яе дачка. Мілае дзяўчо сапраўды стала вобразам – героем многіх яе новых палоцен. Змена ў сямейным і жаночым жыцці мастачкі выдатна адлюстравана на яе палотнах. Калі раней падавалася, што галоўная гераіня Аксаны – яна сама ў нечаканым фантастычным асяроддзі (як і галоўны герой яе мужа Андруся Вераб’ева – ён сам) то цяпер кола герояў іх твораў пашырылася прынамсі на аднаго чалавека – іх дачкі.

Адкрыццё выставы прайшло ў атмасферы сяброўскай вечарынкі інтэлігентных прыхільнікаў творчасці ўжо шырока вядомай таленавітай магілёўскай мастачкі. Прыйшлі і мэтры магілёўскага мастацкага цэху, якія вельмі прыхільна і высока ацанілі творчасць Аксаны.

Так, вядомейшы магілёўскі мастак Юры Несцярук падкрэсліў своеасаблівую сучасную мастацкую мову Аксаны. Гэта мова ХХІ стагоддзя. Вопытны майстар указаў на любоў мастачкі да нябёсна блакітнага коляру, які надае яе палотнам водар недасяжнай вышыні, у выніку чаго яе карціны становяцца блакітнымі як мары, нясуць свет і надзею.

Адкрыццё персанальнай выставы А. Еўдакіменка 20. 01. 2022 г.

Выстава будзе працаваць да 20 лютага ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – музее В.К. Бялыніцкага-Бірулі па вуліцы Ленінская (Вялікая Садовая).

Рэкамендуем наведаць.