На гэтых выходных пачаліся калядныя і навагоднія святочныя мерапрыемствы ва ўсіх райцэнтрах Магілёўскай вобласці. У адрозненні ад імпрэзы каля галоўнай ёлкі на плошчы Леніна ў Магілёве, у іншых гарадах і райцэнтрах “запаленне агнёў” прайшло больш жвава і арганізавана.
Пра тое, што навагодняя фея а можа сама Снягурка не жадала запальваць святочныя агні ў Магілёве ўжо напісана шмат і нават паказана на відэа неаднаразова. На свяце ў Магілёве ёлка гасла некалькі разоў. Што зробіш, калі нават нябачныя здані разумеюць, што ўлада вобласці за сваю дзейнасць у 2021 годзе не заслугоўвае святочнага настрою.
А вось у райцэнтрах відаць рэпрэсіі былі не такія моцныя, настрой народу весялейшы, бо ў іх амаль усё ішло па плану. А мо ўсё прайшло без моцных здарэнняў, бо размах святочных імпрэз тутака райцэнтраўскі – не такі пампезны, як у Магілёве? Затое людзі ў раёнах паводзілі сябе натуральна і шчыра радаваліся таму, што гэты цяжкі год нарэшце заканчвацца.
Год сапраўды быў цяжкі, але, як бы там не было, а чараду калядных і навагодніх святочных мерапрыемстваў па ўсёй вобласці адкрыла запальванне агнёў на ёлках у цэнтрах раёнаў. Цырымоніі амаль паўсюль прайшлі без замінкі. Гараджане сваім дружным і вельмі гучным “раз, два, тры, ялінка, гары!”, як па чараўніцтве, “уключылі” сотні агнёў. Цяпер галоўныя ілюмінацыі на навагодніх прыгажуннях загарэліся, і яны будуць радаваць жыхароў вобласці да старога Новага года.
Прыкладам у Асіповічах у поўнай красе госці свята пабачылі карэту са купалам, тэматычны сімвал горада – цягнік з ярка ўпрыгожанымі вагончыкамі. Асіповіцкая лясная прыгажуня абвешана святлодыёднымі сняжынкамі, шарыкамі і кліп-лайт гірляндамі. Гасцей вечара сустрэлі жывёлы з казачнага лесу, разам з малымі яны спявалі і танцавалі. Не абышлося і без карагоду – жыхары горада кружыліся ў танцы з галоўным чараўніком і яго ўнучкай Снягуркай. Усяго ў канцэртнай праграме было задзейнічана 120 чалавек з цэнтру творчасці дзяцей і моладзі. Разыначкай мерапрыемства стала жывая постаць анёла.
З надыходзячымі калядамі і навагоднімі святамі віншуем Вас, дарагія землякі!!!
Тася Лемон