Галоўная » У шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак

У шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак

Палітвязень Вітольд Ашурак, якога 18 студзеня ў Лідскім раённым судзе прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр у шклоўскай калоніі. Яму было 50 гадоў, паведамляе “Наша ніва”.

Прычына смерці — спыненне сэрца.

У калоніі ў Шклове «палітычным» нашываюць жоўтыя біркі, пісаў з калоніі Ашурак.

«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — пісаў палітвязень.

«Што тычыцца мяне, то тэрмін у 5 год я ўспрымаю як адзнаку «выдатна» за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!» — пісаў Ашурак з калоніі.

Ашурка судзілі за зачыненымі дзвярыма па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста чатырма гадамі калоніі, а па другім — двума гадамі і чатырма месяцамі. Шляхам частковага паглынання атрымалася пяць гадоў — гэта адзін з самых строгіх прысудаў для ўдзельнікаў паслявыбарчых акцый пратэсту.

Хто ж такі Вітольд Ашурак? Нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агароднікі ля Бярозаўкі. Як і многія іншыя мясцовыя хлопцы, пасля школы ўладкаваўся на шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Працаваў аж да той пары, пакуль завод трохі трымаўся і там плацілі нейкія заробкі, калі ж у эканамічным плане прадпрыемству стала зусім кепска, то Вітольд адтуль звольніўся.

Пасля гэтага пачаў зарабляць на жыццё будаўнічымі працамі, у яго была брыгада, разам з якой і ездзіў на розныя аб’екты, даязджалі так нават да Століну. Афіцыйна быў непрацаўладкаваны.

Знакавым годам для светапогляду Ашурка стаў 2010, калі праходзілі прэзідэнцкія выбары.

На працягу 2017-2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малое Олажава і Мохавічы мемарыял памяці паўстанцам Каліноўскага.

Вітольд быў жанаты ўжо больш за дзесяць гадоў, дзяцей у сям’і не было.

Ашурка ўпершыню затрымалі 9 жніўня, у дзень выбараў. Суд пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і пяць у плечы за непавагу да суда, адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз пяць дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш, крымінальная справа была заведзеная ўжо тады.

16 верасня Ашурка забралі паўторна, мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні-верасні. Калі Вітольду заставалася адбыць 2-3 сутак, яго перавялі ў гродзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле.

 

Рэдакцыя і журналісты “Магілёўскага рэгіёну” выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім Вітольда Міхайлавіча Ашурака з нагоды яго заўчаснай смерці.