Галоўная » У Шклоўскай выбарчай акрузе наплыў кандыдатаў у дэпутаты

У Шклоўскай выбарчай акрузе наплыў кандыдатаў у дэпутаты

7 кастрычніка завяршылася падача дакументаў прэтэндэнтамі на атрыманне статуса кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У Шклоўскай выбарчай акрузе №90 паўдзельнічаць у гонцы за дэпутатскім мандатам пажадалі аж 7 чалавек.

У прыватнасці, падалі дакументы на рэгістрацыю:

– дырэктар Шклоўскай школы для дзяцей з парушэннямі зроку, член КПБ Інга Аляксандрава;

– старшыня Бялыніцкага райсавета, кіраўнік раённай арганізацыі “Белай Русі” Андрэй Ганчук;

– грамадскі актывіст з Магілёва, сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Хамратаў;

– страхавы агент з Магілёўскага раёна, сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Таццяна Шамбалава;

– прастаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі, якую паслядоўна ўзначальвалі бацька і сын Гайдукевічы, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю з Чавус Аляксей Сянькоў;

– абластны каардынатар Руха “За свабоду”, вядомы эканаміст з Шклоўскага раёна Пётр Мігурскі;

– бялыніцкі прадпрымальнік, сябар Партыі БНФ Мікалай Мяцеліца;

Мікалай Мяцеліца і Рыгор Кастусёў перад падачай дакументаў у акруговую камісію

Большасць прэтэндэнтаў у кандыдаты вылучаліся палітычнымі партыямі, і толькі відавочныя праўладныя кандыдаты Інга Аляксандрава і Андрэй Ганчук збіралі подпісы выбаршчыкаў. Мяркуемы будучы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Ганчук да таго ж яшчэ падаў дакументы на вылучэнне і ад працоўнага калектыву.

Дарэчы, каб “абранне” дэпутатам прайшло без усялякіх праблем, Андрэй Аляксандравіч і яго аматары падстрахаваліся напоўніцу. У складзе акруговай камісіі ажыццяўляць кантроль за тым, каб пададзеныя за Ганчука галасы не згубіліся, будзе галоўны спецыяліст Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў, актывістка “Белай Русі” Лідзія Цапікава. Дапамагаць ёй у гэтым будзе прадстаўнік БРСМ у камісіі, дырэктар бялыніцкага аддзялення “Беларусбанка” Андрэй Саланінка, ды цэлы шэраг прадстаўнікоў іншых праўладных арганізацый, былых і дзеючых чыноўнікаў.

Нейкіх новых незаангажаваных людзей у складзе Шклоўскай акруговай выбарчай камісіі мы не заўважылі, так што, падобна на тое, іншым прэтэндэнтам у кандыдаты давядзецца выконваць ролю “масоўкі” у спектаклі…

Асобнае месца ў спісе прэтэндэнтаў у кандыдаты па Шклоўскай выбарчай акрузе займае Пётр Мігурскі. Пятра Сцяпанавіча вылучыў у якасці кандыдата ў дэпутаты Рух “За свабоду”, які не з’яўляецца палітычнай партыяй, а зарэгістраваны ў якасці грамадскага аб’яднання. Згодна выбарчага заканадаўства, грамадскія аб’яднанні ў Беларусі не маюць права непасрэдна вылучаць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, таму існуе вялікая верагоднасць, што акруговая камісія адмовіць Мігурскаму ў рэгістрацыі.

Як і прагназаваў “Магілёўскі рэгіён”, дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Гобараў сваю кандыдатуру на новы тэрмін вылучаць не стаў, што і не дзіўна. Падчас мінулай выбарчай кампаніі ў 2016 годзе Дзмітрый Дзмітрыевіч даваў сваім выбаршчыкам вельмі шмат прыгожых абяцанкаў. У выніку ж, па трапнай заўвазе апанента Гобарава на мінулых выбарах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, “праспаў” у Палаце прадстаўнікоў тры гады, так нічым і не запомніўшыся”.

Сяргей Семяновіч