У літургічным каляндары 16 лістапада асаблівы дзень для вернікаў – Урачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай. У шклоўскіх вернікаў у гэты дзень у касцёле Пятра і Паўла адбылася незвычайная святая імша. У храме сабраліся не толькі вернікі-каталікі, але і праваслаўныя.
На пачатку з уступнай прамовай для прысутных звярнуўся ксёндз-пробашч шклоўскай парафіі Аляксандр Шупенька. Святар нагадаў, што Абраз Маці Божай Вастрабрамскай – адна з галоўных хрысціянскіх святыняў, якая знаходзіцца ў віленскай Вострай браме. Адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы без дзіцятка на руках. Шануецца хрысціянамі ўсіх канфесій.
Далей святар паведаміў, што дзякуючы Сяргею Харлацьеву, жыхару горада Санкт-Пецярбурга, карані якога паходзяць са Шклова, Абраз Маці Божай Вастрабрамскай будзе захоўвацца і ў шклоўскай рыма-каталіцкай парафіі. Таксама, Сяргей Харланцьеў здзейсніў намаганні, каб упрыгожыць шклоўскі касцёл, які з’яўляецца помнікам архітэктуры. На будынку касцёла з’явіліся два каляровых вітражы, вырабленыя майстрамі з Магілёва. Вітраж Святога Духа ў галоўным алтары выкананы па эскізу вітража сабора Святога Пятра ў Ватыкане, а ў вітражы над уваходам змешчаны сімвал іерусалімскага крыжа .
Потым святар урачыста асвяціў абраза Маці Божай Вастрабрамскай, а вернікі маглі з малітвай яго ўшанаваць. Распачалася Урачыстая святая імша. Вернікі маліліся, маліліся да Маці Божай Вастрабрамскай , прасілі Божай Міласэрднасці і патрэбнай ласкі. У шклоўскім храме, які зведаў жудасныя часы ваяўнічага атэіма, лунала малітва і ўрачыстасць.
Алесь Грудзіна. Фота аўтара