У Шклове 26 студзеня 2020 года ў грамадскім цэнтры “Мост” адбыўся справаздачна-выбарчы сход раённай арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”.
На пачатку справаздачна-выбарчага сходу у шэрагі раённай арганізацыі ТБМ адзінадушна быў прыняты новы сябр – Дзмірый Антончык, які ў апошні час актыўна далучыўся да дзейнасці арганізацыі.
Потым са справаздачай перад удзельнікамі мерапрыемства выступіў старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ Аляксандр Грудзіна. Справаздача дадаткова была дапоўнена відэаматэрыяламі дзейнасці арганізацыі ў апошні час. У абмеркаванні справаздачы прынялі ўдзел сябры Шклоўскай ТБМ: Пётр Мігурскі, Уладзімір Алейнікаў, Рыгор Кастусёў, Міхаіл Кучарэнка, Дзмітрый Антончык.
Удзельнікі схода абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі далейшай працы раённага таварыства на новы 2020 год. Запланаваны мерапрыемствы ў галіне вывучэння і захавання гістарычна-культурнай спадчыны Шклоўскага раёна, новыя напрамкі дзейнасці таварыства па пашырэнню інфармацыйнасці і ўплыву ў грамадстве.
Па выніках галасавання старшынёй раённай арганізацыі ТБМ на чарговы тэрмін адзінадушна зноў абраны Аляксандр Грудзіна. За шматгадовую і актыўную дзейнасць у ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” Аляксандр Пятровіч Грудзіна атрымаў у падарунак альбом: “БНР – 100. Сьвяткаванне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы”.
Даведка: У 2019 годзе Шклоўскай раённай арганізацыяй ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” праведзена наступная работа:
- 23 студзеня ў грамадскім цэнтры «Мост» адбылося сумеснае пасяджэнне раённай арганізацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» і грамадзянскай ініцыятывы «Шклоўскі магістрат». На пачатку пасяджэння адбылася справаздача аб дзейнасці Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ за 2018 год, з якой выступіў старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ Аляксандр Грудзіна. Таксама перад удзельнікамі пасяджэння выступіў старшыня Магілёўскай абласной рады Таварыства беларускай мовы, пісьменнік Міхась Булавацкі. Прысутныя мелі магчымасць задаць свае пытанні выступоўцам. Потым удзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі па дзейнасці мясцовага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» і Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў». На пасяджэнні таксама адбылося абмеркаванне далейшых планаў дзейнасці арганізацыі ў новым 2019 годзе. Сярод іншых накірункаў працы вырашана зноў вярнуцца да пытання ўвекавечання ў горадзе Шклове памяці пісьменніка Міхася Зарэцкага.
- 16 лютага ў грамадскім цэнтры «Мост» адбылося сумеснае пасяджэнне грамадзянскай ініцыятывы «Шклоўскі магістрат» і мясцовых структур: раённай ар-ганізацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны», партыі БНФ, Руху «За Свабоду». На пачатку пасяджэння адбыўся прагляд фільма «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», які прэзентавалі Паліна Сцепаненка, літаратар і актывіст кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» і рэжысёр фільма Віктар Траццякоў. Пасля прагляду фільма прысутныя мелі магчымасць задаць свае пытанні аўтарм прэзентацыі фільма. Другім пытаннем, якое было абмеркавана на пасяджэнні, стала стварэнне пры раённай арганізацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» аматарскага «Літаратурнага салона». З паведамленнямі выступілі Аляксандр Грудзіна, старшыня Шклоўскай суполкі ТБМ і грамадскія актывісты, аматары літаратурнай творчасці Пётр Мігурскі і Аляксандр Новікаў. Таксама з паведамленнямі выступілі прысутныя госці: Юры Нагорны, старшыня Аршанскай арганізацыі ТБМ, Леанід Падбярэцкі, сябар Руху «За Свабоду», Вольга Быкоўская, сябра Рады Руху «За свабоду», Людміла Драпеза, філолаг. Вырашана стварыць аматарскі «Літаратурны салон» пры Шклоўскай арганізацыі ТБМ, які павінен насіць імя Міхася Зарэцкага, беларускага пісьменніка, чыё дзяцінства прайшло ў Зарэчным Шклове.
- 20 сакавіка сябар Таварыства Аляксандр Грудзіна прыняў удзел у раённых «Краязнаўчых чытаннях імя Міхаіла Ільюшэнкі», якія мелі назву «Памяць мацней часу» і былі прысвечаны 75-годдзю вызвалення Шклоўскага раёна, дзе выступіў з паведамленнем «Халакост Шклова».
- 18 красавіка сябар Таварыства Аляксандр Грудзіна прыняў удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Куляшоўскія чытанні», дзе выступіў з паведамленнем «Зарэчны Шклоў (погляд ў мінулае)».
- 24 сакавіка сябры Таварыства прынялі ўдзел у святкаванні Дня Волі. Была зроблена экскурсія па знакавых для Шклова мясцінах. Потым у грамадскім цэнтры «Мост» на гістарычныя тэмы і пра сучасныя падзеі выступілі грамадскія і палітычныя актывісты.
- 23 траўня дэлегацыя Шклоўскай ТБМ наведала горад Оршу, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».
- 22 чэрвеня дэлегацыя Шклоўскай ТБМ здзейсніла вандроўку на радзіму пісьменніка Васіля Быкава ў вёску Бычкі на Віцебшчыне.
- 28 жніўня дэлегацыя Шклоўскай ТБМ здзейсніла вандроўку ў вёску Пагосцішчы Лёзненскага раёна на Віцебшчыне, дзе прыняла ўдзел у адкрыцці помніка Ігнату Будзіловічу, удзельніку паўстання 1863 года.
- 30 кастрычніка сябар Таварыства Аляксандр Грудзіна прыняў удзел у раённых «Краязнаўчых чытаннях імя Міхаіла Ільюшэнкі», дзе выступіў з паведамленнем «З гісторыі каталіцкіх святынь Шклова».
- 8 снежня ў грамадскім цэнтры «Мост» адбылося пасяджэнне літаратурна-мастацкага салона імя Міхася Зарэцкага. З паведамленнямі і асабістымі літаратурна-мастацкімі творамі выступілі Рыгор Кастусёў, Пётр Мігурскі, Аляксандр Грудзіна, Леанід Осіпаў, Міхаіл Кучарэнка, Аляксандр Новікаў, Людміла Азарэвіч. Таксама на пасяджэнні выступілі госці з Менска, Магілёва і Оршы. Кульмінацыяй літаратурнага свята стаў выступ Сяржука Доўгушава — спевака, папулярызатара беларускага фальклору, лідара этнагур-та Vuraj. Ён праспяваў песні на вершы Уладзіміра Караткевіча. Граў на гітары, дудцы, ліры.
- Сябрамі таварыства праведзены некалькі экскурсій і сустрэч з навучэнцамі школ раёна і гасцямі горада па гістарычна-краязнаўчай тэматыцы.
- Асобныя матэрыялы сяброў таварыства: Л. Анціпенкі, А. Грудзіны, Р. Кастусёва, П. Мігурскага грамадска-палітычнага, літаратурнага і гістарычна-краязнаўчага накірункаў друкаваліся ў газеце ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» «Наша слова», а таксама ў выданнях: раённай газеце «Ударны фронт», часопісе «Наша гісторыя», рэгіянальным інтэрнэт-партале www.6tv.by «Магілёўскі рэгіён» і іншых беларускіх інтэрнэт-выданнях.
- Сабраны і пералічаны фінансавыя ахвяраванні на дзейнасць ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны».
- У бягучым годзе раённая арганізацыя ТБМ панесла страты. У ліпені гэтага года адышоў у іншы свет сябар Таварыства з моманту ўтварэння адпаведнай структуры ў Шклоўскім раёне журналіст, літаратар, краязнаўца Лявон Міхайлавіч Анціпенка. Літаратурную дзейнасць ён пачаў яшчэ вучнем школы. Яго байкі, вершы, пародыі, апавяданні друкаваліся ў газетах «Магілёўская праўда», «Звязда», «ЛіМ», «Чырвоная змена», у часопісах «Вожык», «Полымя» і іншых выданнях. Лявон Міхайлавіч выдаў некалькі зборнікаў вершаў, прозы, эпіграм і пародый. Гэты быў цікавы і добразычлівы чалавек, які валодаў вельмі глыбокімі і разнастайнымі ведамі. Быў ён заўсёды неабыякавы да шматлікіх падзей, якія адбываліся ў жыцці сучанага грамадства. Яго ведалі і паважалі многія жыхары Шклова.
Алесь Грудзіна