Грамадскага актывіста з Шклова Дзмітрыя Антончыка 26 жніўня выклікалі на прафілактычную гутарку ў мясцовыя РАУС і пракуратуру. У пракуратуры актывіста папярэдзілі пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.
На працягу некалькіх дзён у Шклове праходзілі пратэстны акцыі ў падтрымку пераменаў і за сумленныя выбары. Простыя людзі выступалі супраць гвалту, несправядлівасці і за неабходнасць перамен у нашай краіне. Удзельнікі акцый выходзілі на вуліцы горада выказаць сваё меркаванне па ўласнай волі.
Таксама 19 жніўня ў Шклове адбыўся мітынг “Не дадим развалить страну!”, удзельнікі якога сабраліся пад лозунгамі “за Беларусь”, “любимую не отдадим”, “за бацьку”. Прыняць удзел у гэтым мітынгу настойліва “запрашалі” прадстаўнікоў прадпрыемстваў і бюджэтных арганізацый.
Што цікава, Дзмітрый Антончык удзельнічаў не толькі ў акцыях супраць гвалту, але таксама прысутнічаў і на мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі ў Шклове. Таму не зусім зразумела, за ўдзел у якіх акцыях яго папярэджвала шклоўская пракуратура. Па звестках “Магілёўскага рэгіёну”, на пратэстныя акцыі ў Шклове людзі выходзілі даабрахвотна, нейкага пэўнага арганізатара гэтых мерапрыемстваў не было.
Газета “Ударны фронт” 22 жніўня змясціла на сваіх старонках гутарку з пракурорам Шклоўскага раёна Ірынай Алданавай. Пракурор папярэдзіла ўдзельнікаў пратэстных акцый пра жорсткую адказнасць і заклікала суграмадзян “не паддавацца на правакацыі і пустыя абяцанкі тых, хто ставя перад сабой мэту распальвання варожасці і беспарадкаў”.
Хто ў Шклове хоча распальваць варожасць і беспарадкі, Ірына Алданава не патлумачыла.
Дзмітрый Антончык – актывіст Руха “За свабоду”, падчас перадвыбарчай кампаніі ён таксама удзельнічаў у працы каманды прэтэндэнта ў кандыдаты Віктара Бабарыкі.
Фота: facebook Дзмітрыя Антончыка
Вікторыя Бялова