“Магілёўскі рэгіён” раней паведамляў пра тое, што ў Шклове раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” правяла вечарыну прысвечаную памяці заслужанага дзеяча культуры Беларусі Віталія Аляксеевіча Бабчанкі. Віталь Бабчанка доўгі час узначальваў Шклоўскую музычную школу і ўсё жыцце прысвяціў адданай працы на ніве культурнага жыцця Шклоўшчыны.
Па выніках вечарыны ад імя грамадскасці была накіравана пісьмо ў Шклоўскі райвыканкам з просьбай паспрыяць таму, каб імя гэтага чалавека з’явілася ў тапаніміцы Шклова. У Шклоўскім райвыканкаме аператыўна адрэагавалі на гэту прапанову.
11 мая 2020 года Шклоўская арганізацыя ТБМ атрымала афіцыйнае пісьмо №7-29/978 за подпісам намесніка старшыні райвыканкама А.А.Іваненкі, дзе пералічаны шэраг мерапрыемстваў, якія запланаваны ў гонар памяці Віталія Бабчанкі. У ліку іншага паведамляецца, што вывучаецца магчымасць размяшчэння на будынку ДУА “Шклоўская дзіцячая школа мастацтва” мемарыяльнай дошкі ў гонар Віталія Бабчанкі.
Спадзяёмся, што ўсе мерапрыемствы, запланаваныя Шклоўскім райвыканкамам, здзейсняцца.
Гістарычная даведка: Віталь Аляксеевіч Бабчанка пачаў працаваць у Шклоўскай музычнай школе з 1961 года, напачатку выкладчыкам, а з 1970 года і да выхада на пенсію – дырэктарам гэтай установы. У 1969 годзе з выкладчыкаў музычнай школы ствараецца ансамбль народных інструментаў, нязменным яго кіраўніком на доўгі час становіцца Віталь Бабчанка. Яго ўдзельнікі і кіраўнік неаднаразова ўзнагароджваліся граматамі Міністэрства культуры Беларусі і ўпраўлення культуры аблвыканкама. Ганаровае званне “народны” ансамблю прысвоена ў 1980 годзе за высокі ідэйна-мастацкі ўзровень рэпертуара і выканаўчае майстэрства. Адначасова, разам з народным, Віталь Аляксеевіч стварае і эстрадны музычны калектыў пры клубе “Чырвоны Кастрычнік” папяровай фабрыцы “Спартак. Высокі ўзровень і дасканаласць выканання музычных твораў пасадзейнічалі таму, што ансамбль быў запрошаны ў Мінск для запісу на рэспубліканскім радыё. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Віталь Аляксеевіч у 1995 годзе стварае ансамбль народнай песні і музыкі “Бліскавіца” на базе раённага Дома культуры. Калектыў хутка набывае папулярнасць. “Бліскавіца” – лаўрэат рэспубліканскага фестывалю камернай музыцы ў Мсціславе, міжнародных фестываляў: “Дняпроўскія галасы” у Дуброўна, “Вянок дружбы” у Бабруйску. Удзельнічае ў рэспубліканскіх святах “Дзень беларускай пісьменнасці, “Дажынкі”, выступае ў многіх кутках Беларусі і замежжы. У 2002 годзе ансамблю прысвоена ганаровае званне “народны”. За доўгі час, працуючы на ніве музычнай творчасці, Віталь Бабчанка паспрыяў таму, што вялікая колькасць жыхароў Шклоўшчыны, вучняў музычнай школы і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнай абудзліся да музычных здольнасцей і ўвогуле дакрануліся да “яе вялікасці” культуры. Сярод іх народны артыст Беларусі Васіль Раінчык – прафесар, кампазітар, кіраўнік вакальна-інстументальнага ансамбля “Верасы”, маладзёжнага тэатра эстрады. Віталь Аляксеевіч Бабчанка ўзнагарожаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Граматай Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР, знакамі I і II ступені Усесаюзнага фестываля самадзейнай творчасці. У 1990 годзе ён атрымаў званне Заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Разам з літаратарам Лявонам Анціпенкам ён з’яўляецца аўтарам гімна горада Шклова.
Аляксандр Грудзіна, старшыня Шклоўскай арганізацыі ТБМ