50 гадоў таму ў 1970 годзе адышоў ў вечнасць беларускі паэт Анатоль Станіслававіч Сербантовіч. З гэтай нагоды сябры літаратурнага салона імя Міхася Зарэцкага, які дзейнічае пры шклоўскай раённай арганізыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”, наведалі яго Малую Радзіму – вёску Ордаць Шклоўскага раёна. Тут, у сям’і настаўнікаў нарадзіўся і скончыў Ордацкую сярэднюю школу будучы вядомы беларускі паэт.
Першапачаткова госці наведалі Ордацкую школу. Зараз гэта базавая школа, дзе вучацца каля 50-вучняў. Кіраўніцтва школы добразычліва сустрэла сяброў шклоўскай ТБМ і здзейсніла экскурсію ў школьную бібліятэку, дзе створаны мемарыяльны куток А.Сербантовіча. Адбылася размова пра жыццё, творчасць і мясцовую памяць паэта. На вялікі жаль, сядзіба паэта не захавалася. Дом набылі жыхары Шклова і перавезлі у горад. Але, галоўнае, памяць пра славутага ранейшага жыхара Ордаці захавалася ў мясцовай школе і гэта вельмі добра.
З успамін пісьменніка Уладзіміра Арлова, які ў 2017 годзе наведаў Шклоўскі раён: “Ён быў упарты і вальналюбны. Ён жыў у прадчуванні цуда. Ён меў выключнае пачуццё мовы і талент, прызнаны і падтрыманы мэтрамі. Школьнікам, лідзіруючы ў вэлягонцы, ён трапіў у звалку, параніўся, але закінуўшы ровар на плечы, першым дабег да фінішу. У дваццаць сем Анатоль выдаў ужо другую кнігу — не па гадах спелую і бязлітасную да сябе. Яна называлася трывожна — “Міннае поле”. Аднойчы ўвечары ён, атрымаўшы неблагі ганарар і “замачыўшы” гэтую падзею, ішоў па менскай вуліцы. На просьбу сустрэчнай кампаніі даць закурыць выцягнуў з кішэні пачак грошай: “Вось вам на цыгарэты!” Яго завалілі на ходнік і бясконца доўга білі нагамі. Потым былі шпіталь, жорсткія прыступы галаўнога болю, інсульт і адыход туды, дзе паэту, магчыма, удалося здзейсьніць выказаную ў адным з вершаў мару і разгадаць
Тайну музыкі,
Тайну крыкаў,
Тайну гукаў і нематы,
Тайну чыстага і вялікага,
Тайну злосці і дабраты… ”
Гістарычная даведка:
Анатоль Станіслававіч Сербантовіч нарадзіўся 13 мая 1941 года. У вайну жыў з бацькамі у вёсцы. У 1958 годзе скончыў Ордацкую сярэднюю школу, працаваў у калгасе. У 1960 ггодзе паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, якое закончыў у 1965 годзе. У 1964—1965 гг. быў літаратурным супрацоўнікам часопіса «Бярозка». З восені 1966 года знаходзіўся ў творчай камандзіроўцы ў Запаляр’і, Казахстане, на Ўрале, Далёкім Ўсходзе. У 1969 годзе зноў вярнуўся ў Мінск і працаваў у газеце “Піянер Беларусі”. Сябр Саюзу пісьменнікаў БССР з 1967 года. Памёр ў Мінску 21 сакавіка 1970 года пасля жорсткай бойкі з хуліганамі. Пахаваны на Ўсходніх могілках Мінску. Анатоль Сербантовіч пачаў пісаць яшчэ ў школе. Гэта былі байкі і сатырычныя замалёўкі калгаснага жыцьця. У 1959 годзе ў газеце «Магілеўская праўда» надрукаваў свой першы верш. У гады вучобы ў школе запрашаўся на паседжанні літаб’яднання, на абласныя і рэспубліканскія семінары пачынаючых пісьменнікаў. На другім курсе універсітэта склаў рукапісны зборнік вершаў. Як сталы паэт сфармаваўся ў 1964 годзе, калі стаў рэгулярна друкавацца ў рэспубліканскіх часопісах, напісаў некалькі паэмаў. Характэрная праявай яго паэзіі былі грамадзянская накіраванасць, пафаснасць. Аўтар зборнікаў паэзіі «Азбука» (1966 г.), «Міннае поле» (1968 г.), «Пярсцёнак» (1971 г.), «Жаваранак у зеніце» (1989 г.). Акрамя вершаў пісаў творы для дзяцей, прозу, крытычныя артыкулы, займаўся перакладамі. У сярэдзіне 1960-х звярнуўся да жанру паэмы. У 1968 годзе, у час знаходжання ў Сярэдняй Азіі напісаў паэму для дзяцей «Тэлефон».
Алесь Грудзіна