У магілёўскай школе №1, дзе ў чарговы раз набралі некалькі дзяцей на беларускамоўнае навучанне, не хапае настаўнікаў пачатковых класаў, паведамілі “Магілёўскаму рэгіёну” ў данай школе на ўмовах ананімнасці.
Паводле інфармацыі нашай крыніцы, цяпер у першым клас з беларускай мовай навучанне пайшлі толькі дзве вучаніцы. У трэццім класе зараз навучаецца пяцёра вучняў. Столькі ж – у пятым.
Праблему адсутнасці настаўнікаў блізкія да адукацыйнай галіны горада крыніцы звязваюць са зменшаным наборам абітупыентаў на гэту спецыяльнасць у МДУ імя А.Куляшова. “У 90-я гады набор на гэту спецыяльнасць складаў 125 абітурыентаў, выпускалася 95. Зараз набор ва ўніверсітэт на спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў – 25 чалавек. Таму не адпускаюць на пенсію нават пенсіянераў”, – распавялі ў школе, адзначыўшы, што настаўнікі не пенсійнага ўзросту самі хочуць сыйсці, “бо бачаць дурныя загады адміністрацыі”.
Што ж тычыцца новых беларускамоўных класаў у СШ №1, то зараз яны выяўляюць сабой далёка не тое, што прадугледжвалася, і выконваюць не тую задачу, якую мусяць. “Бо гэта так званыя класы выроўнівання, куды бацькі аддаюць дзяцей не па перакананнях, а каб іх дзеці атрымлівалі больш індывідуальнае навучанне і настаўнікі іх развілі, у тым ліку, дзе недаразвіліся ў папярэднія гады навучання”, – адзначыла крыніца, прывёўшы прыклад таго, што раней дзяцей з псіхічнымі парушэннямі было 1-2 чалавекі на клас, а зараз 3-4, а то і 5.
Сяргей Вяршынаў