Ля помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Блакітная крыніца» ў Слаўгарадскім раёне 13-14 жніўня адзначаць Мядовы спас. Пра гэта mogilev-region.gov.by паведамілі ў раённым выканаўчым камітэце.
Ілюстрацыйнае фотаАдкрые свята I эка-этна фестываль «Песні аб крыніцах». Яго ўдзельнікі – вакальныя і інструментальныя калектывы – будуць выконваць кампазіцыі, звязаныя з тэматыкай вады.
У гэты ж дзень на тэрыторыі, прылеглай да Блакітнай крыніцы, разгорнецца выстава-продаж, якая будзе працаваць на працягу двух дзён. Госці свята змогуць набыць тут прадукцыю пчалярства, смачныя пачастункі ад мясцовых сыравараў, вырабы майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, харчовыя і прамысловыя тавары. Для дзяцей прывязуць атракцыёны, для дарослых арганізуюць пракат веласіпедаў і байдарак. У тых, хто цікавіцца гісторыяй знакамітага помніка прыроды, будзе магчымасць замовіць тэматычную экскурсію.
Увечары вернікаў на Блакітнай крыніцы збярэ служба, дзе кожны зможа памаліцца, паспавядацца і папрасіць пра нешта сваё. Раніцай 14 жніўня ля капліцы адбудуцца малебныя спевы з акафістам, Боская літургія, хрэсны ход з асвятленнем вады, мёду, лекавых траў. Пасля ўсім жадаючым прапануюць здзейсніць абрад хрышчэння.
Акрамя рэлігійнага складніка, запланавана культурная праграма. З нацыянальным каларытам абяцае прайсці VI рэгіянальнае свята-конкурс «Спас – усяму час». У ім прымуць удзел фальклорныя, вакальныя ансамблі Магілёўскай вобласці. Кампетэнтнае журы вызначыць найлепшых сярод калектываў і індывідуальных выканаўцаў народнай песні. На спецыяльнай пляцоўцы гасцей пазнаёмяць з інфармацыяй аб турыстычных маршрутах, аграсядзібах, мясцовых фестывалях і святах. Запланаваны таксама круглы стол па тэме «Рэгіянальнае ўзаемадзеянне ў сферы гастранамічнага турызму, зялёнай эканоміцы, рамесніцтва».
«Нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце многія традыцыі і святкаванні забыты або страцілі сваю актуальнасць, свята «Макавей» у нас любяць і адзначаюць, імкнучыся ўзнавіць тыя традыцыі і абрады, якія прыйшлі ад продкаў, – расказалі ў райвыканкаме. – Штогод да Блакітную крыніцу па самых сціплых падліках прыязджае да 50 тыс. паломнікаў. Вада тут лічыцца гаючай і з’яўляецца эталонам чысціні. Абрад жа пакланення крыніцы ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі».
На праваслаўнае свята Макавей, прымеркаванае да Дня памяці сямі пакутнікаў Макавеяў і Мядовага спасу, які адзначаецца 14 жніўня, ля Блакітнай крыніцы збіраецца асабліва многа людзей не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны, іншых краін. Паводле павер’яў, неабходна прайсці праз крыніцу тры разы, набраць гаючай вады і акунуцца ў святой крыніцы. Робіцца гэта для таго, каб ачысціць душу і вылечыць цела ад хвароб.