У старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца за кратамі ў СІЗА КДБ, збіраюцца арыштаваць усю маёмасць. Пра гэта сам палітык паведаміў у лістах да сваіх родных і сяброў.
Жонка Рыгора Кастусёва Ларыса распавяла карэспандэнту “МР”, што з рашэннем аб накладанні арышту на маёмасць палітыка азнаёмілі напрыканцы кастрычніка. Пра гэта ён таксама паведаміў і ў сваім лісце сябру:
“…мяне азнаёмілі з рашэннем аб накладанні арышту на ўсю нашу маёмасць. Кватэры і гаража ў Шклове, хаты ў Цяхціне, кватэры ў Магілёве, дзе цешча жыве. Бо кватэру цешча падарыла Ларысе. Яшчэ будуць арыштоўваць машыну. Разумею, што гэты арышт – забарона на права продажу, іншага падобнага распараджэння. Але вельмі непрыемны маральны момант”…
Рыгор Андрэевіч перажывае за тое, як успрымуць гэтую навіну родныя, асабліва жонка і цешча. Яму самому вельмі непрыемна, што арышт наклалі нават на старую бацькоўскую хату і цешчыну кватэру…
Разам з тым палітык піша пра тое, што стаў адчуваць сябе крыху лепш.
“Пасля УЗІ 14/10 мне распачалі рабіць уколы па 2 шт. у дзень… І вось гэтых два тыдні хоць адыйшлі вострыя болі і спазмы, што мучылі амаль тры месяцы.
Зараз хоць магу спаць нармалёва ў начы…
…як збілі болі, то і выспаўся, дакладней адаспаўся за ўсе тыя месяцы. Нервы супакоіліся, ды і псіхалагічныя адчуванні прыйшлі у норму разам з думкамі”, – напісаў Кастусёў.
Нагадаем, што Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка гэтага года. Пазней стала вядома, што ён праходзіць па крымінальнай справе і абвінававаецца ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Палітык знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску.
У 64-гадовага кіраўніка Партыі БНФ падазрэнне на анкалогію, аднак ні самому Кастусёву, ні яго сваякам не паведамляюць пра вынікі абследаванняў. Усе хадайніцтвы аб змене меры стрымання Кастусёву ў сувязі са станам здароўя або адхіляюцца, або ігнаруюцца, нягледзячы на тое, што ніякія следчыя дзеянні з ім не праводзяцца ўжо даўно. Пад вартай лідар БНФ знаходзіцца больш за паўгода.
У кастрычніку Рыгору Кастусёву ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы, да 12 снежня 2021 года.
Напісаць ліст падтрымкі старшыні БНФ ў зняволенні можна на гэты адрас:
220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу
Іван Барысаў
фото: politring.com