У апошнія гады любая нарада беларускага чынавенства, альбо прыём грамадзян абавязкова спатыкаюцца на пытаннях дзейнасці прадпрыемстваў ЖКГ па аказанні насельніцтву жыллёва-камунальных паслугаў. Будзь гэта сталіца краіны – Мінск, альбо любы раённы цэнтр, як, да прыкладу – Шклоў, чыноўнікі вымушаны прызнаваць, што найбольшая колькасць зваротаў і скаргаў грамадзян у дзяржаўныя ўстановы тычыцца пытанняў тэхнічнай эксплуатацыі, бягучага рамонту і абслугоўвання жыллёвага фонду, а таксама – нармалізацыі вадазабяспячэння, каналізацыі, ацяплення і іншых відаў паслугаў.
19 сакавіка 2021 года адбылося чарговае пасяджэнне Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта, першым пытаннем парадку дня якога было – “Аб працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў за 2020 год і выкананне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 года №2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забяспячэння жыццядзейнасці”.
Па выніках нарады шклоўскае чынавенства вымушана было прызнаць, што за паўтары дзесятка гадоў ім так і не ўдалося выканаць патрабаванні Дырэктывы кіраўніка краіны, на што было ўказана намесніку дырэктара УКП “Жылкамгас” (чарговы дырэктар звольнены з пасады).
Найбольшае, што хвалявала жыхароў Мінска на асабістым прыёме праведзеным памочнікам прэзідэнта-інспектарам па гораду Мінску А.Барсуковым 24 сакавіка 2021 года, таксама былі пытанні ЖКГ.
Як у Шклове, так і ў Мінску Дэрэктыва па дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэння якасці забяспячэння жыццядзейнасці засталася невыкананай.
У чынавенцкім асяроддзі за два дзесяцігоддзі склалася своеасаблівая сістэма працы – галоўнае паабяцаць, а там як будзе – так і будзе. Вынікі такой працы вельмі добра маглі бы класціся на пяро журналістаў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ў выглядзе фельетонаў, анекдотаў, іншых твораў жартаўлівай формы, якія з ахвотай чыталісь бы падпісчыкамі гэтых выданняў. Але, куды там, згодна ўстановак зверху, дзяржаўныя СМІ паспяхова тыражыюць абяцанні чыноўнікаў.
Як гэта адбываецца, напрыклад, з абяцаннямі аб поўным пераводзе сталіцы на падземныя крыніцы вадазабяспячэння. У чарговы раз аб гэтым заявіў генеральны дырэктар ДВА “Белвадаканал” А.Конан на прэс-канферэнцыі “Крыніца – у кожны дом”, адбыўшайся 18 сакавіка ў Доме прэсы, дзе ён паабяцаў закончыць гэтыя работы да 2025 года, што дазволіць, па яго словах, нарэшце, вырашыць праблемы вадазабяспячэння Фрунзенскага, Маскоўскага, Кастрычніцкага раёнаў сталіцы, дзе ў апошнія склалася аварыйная сітуацыя.
Даючы такое абяцанне спадар Конан мабыць даўно забыўся, а можа і не ведаў, што яшчэ ў кастрычніку 2014 года аб гэтым разам з тэлеграфным агенствам БЕЛТА распавядаў начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Д.Янчык, прагназуючы поўны перавод Мінска на артэзіянскую ваду да 2020 года.
І ні Янчык, ні Конан, ні Барсукоў, ні іншыя чыноўнікі, падобныя ім, разам з журналістамі дзяржаўных СМІ, мабыць і блізка не ведаюць, што былы міністр ЖКГ А.Шорац праз Народную газету і іншыя СМІ яшчэ ў чэрвені 2012 года абяцаў вырашэнне праблемы забяспячэння падземнай вадой жыхароў Фрунзенскага, Маскоўскага, Кастрычніцкага раёнаў сталіцы ў 2013 годзе.
Праблемы ЖКГ абмяркоўваліся на нарадзе ў Полацку 12 чэрвеня 2020 года, у час рэспубліканскага семінара ў кастрычніку 2017 года, на якіх прысутнічаў і А.Лукашэнка. Былі агучаны грандыёзныя планы па пераадоленні праблемаў з вадазабяспячэннем насельніцтва Магілёўскай і Гомельскай абласцей, але да гэтай пары яны таксама так і засталіся планамі на паперы.
Спробы распачаць рэформы вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Магілеўшчыны ў 2020 годзе праз аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў і аб’ектаў гэтай сферы ў адно прадпрыемства Магілёўаблвадаканал не прынеслі належнага станоўчага эфекта дзеля паляпшэння якасці паслугаў насельніцтву.
Як паказвае сітуацыя, створаная за 26 гадоў сістэма ўлады ў Беларусі стала нездольная вырашаць самыя неабходныя крокі для забяспячэння жыццядзейнасці гарадоў, рэгіёнаў, аб’ектаў ЖКГ.
У краіне даўно назрэла неабходнасць рэфармавання структуры ЖКГ.
Але беларускае чынавенства, нездольнае да пераменаў. Праваленымі апынуліся, нават, эксперыментальныя рэформы ў сістэме ЖКГ Першамайскага і Партызанскага раёнаў горада Мінска распачатыя ў 2015 годзе па даручэнні Лукашэнкі, а тым болей – распаўсюд гэтых рэформаў на сталіцу ў 2016 годзе, а надалей – на ўсю краіну.
Незадаволенасць хадой рэформаў ЖКГ Мінска выказваў і Лукашэнка ў час сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3-га лютага 2017 года. Але незадаволенасць хадой рэформаў толькі і абмежавалася размовамі і ў далейшым – адстаўкай А.Шораца ўжо з пасады старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Няздольнасць існуючай у краіне ўлады да рэформаў у сістэме ЖКГ негатыўна адаб’ецца ў бліжэйшай перспектыве на якасці жыллёва-камунальных паслугаў, аказваемых насельніцтву.
Рыгор Кастусёў