У Магілёве 3 лістапада адбываецца гарадскі этап рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Па свайму фармату гэты конкурс вельмі нагадвае “Кірмашы праектаў”, якія па рэгіёнах, у тым ліку на Магілёўшчыне, рэгулярна праводзіла кампанія “Будзьма беларусамі”.
Гарадскі этап рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” праходзіць у Магілёве 3 лістапада. На конкурс заяўлена 28 праектаў у 7 намінацыях. Абарона праектаў будзе праходзіць у двух фарматах: у фармаце выставы-прэзентацыі і ў фармаце Zoom-канферэнцыі.
Па сваёй форме гэты конкурс вельмі нагадвае “Кірмашы праектаў”, якія па рэгіёнах, у тым ліку на Магілёўшчыне, некалькі гадоў запар праводзіла кампанія “Будзьма беларусамі” у мінулым дзесяцігоддзі. Тады падобныя праекты мелі пераважна культурніцкую, вельмі часта відавочна нацыянальна-арыентаваную накіраванасць. Таксама часта яны былі звязаны з урбаністыкай. У выніку толькі ў Магілёве былі рэалізаваны першыя стрытарт праекты, пачаў хадзіць тралейбус “Мастацтва на колах”, з’явілася артлесвіца і г.д. Менавіта такі кірмаш у Бабруйску паспрыяў развіццю ідэі а потым і ўзнікненню бюста Алесю Адамовічу.
Што ж прапануюць нашы сёлетнія канкурсанты? Замах у іх вельмі сур’ёзны, нават грандыёзны.
3 праекты ўдзельнічаюць намінацыі атамная энергетыка і энергаэфектыўнасць; 4 – прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі; 4 праекты прысвечаны рацыянальнаму прыродакарыстанню і глыбокай перапрацоўцы прыродных рэсурсаў. Не менш амбіцыйныя праекты і ў іншых намінацыях: нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый (1 праект), інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (3), грамадства і сацыяльная сфера (12), лепшая бізнес-ідэя (1). А па выніках гарадскога этапу найлепшыя праекты атрымаюць пуцёўку ў абласны этап конкурсу, які адбудзецца ў снежні 2021 года.
У гаркаме БРСМ вераць, што правядзенне конкурсу дазволіць актывізаваць інавацыйнае мысленне моладзі, дапаможа вырашэнню задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, стымуляванню грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.
Так і хочацца сказаць народнымі словамі: “Дай Божа нашаму цяляці ваўка з’есці!”
Безумоўна добра, што маладзёвыя прыўладныя структуры заняліся ў тэорыі неблагімі справамі. Хаця дужа б хацелася даведацца, што пакінулі пасля сябе мінулагоднія “Ідэі для Беларусі”. Як яны развілі атамную энергетыку і прамысловыя тэхналогіі, напрыклад.
Грамадская кампанія “Будзьма беларусамі”, хаця і не мела такіх магчымасцяў для піяру і фінансавання, як БРСМ, не абвяшчала такіх велічных мэтаў, але пакінула добры след у развіцці культуры нашага рэгіёну. Яе праекты спрыялі паляпшэнню якасці жыцця магілёўцаў.
Хацелася б, каб пасля сёлятняга конкурсу засталіся не толькі файлы і паперкі, а і канкрэтныя вынікі.
Тася Лемон