Ідэолягі з бабруйскага гарвыканкаму даслалі ліст з патрабаваньнем выдаліць відэаапытаньні з сайта выданьня «Бобруйский курьер».
У рэдакцыю «Бобруйского курьера» прыйшоў ліст з аддзелу ідэалёгіі і спраў моладзі Бабруйскага гарвыканкаму. Ад выданьня патрабуюць выдаліць з сайта відэасюжэты пра выбары.
Гэта пяць відэаролікаў-апытаньняў, дзе людзі выказваюцца пра сваё стаўленьне да выбараў і прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Улады гораду палічылі, што гэтыя ролікі — сацыялягічнае дасьледаваньне, а правядзеньне такіх дасьледаваньняў і іх публікацыя падпадае пад адміністрацыйную адказнасьць.
Максымальны штраф за гэтае правапарушэньне — 5400 рублёў.
У выпадку, калі рэдакцыя ня выдаліць ролікі, ідэолягі пагражаюць пачаць адміністрацыйны працэс.
Галоўны рэдактар выданьня Анатоль Санаценка лічыць прэтэнзіі гарадзкіх уладаў беспадстаўнымі. Бо права на атрыманьне, распаўсюд і захоўваньне інфармацыі гарантаванае Канстытуцыяй.
Таксама Канстытуцыяй гарантаваная свабода меркаваньняў і іх выказваньня.
Анатоль Санаценка падрыхтаваў зварот у пракуратуру, у якім просіць прыняць меры пракурорскага рэагаваньня для абароны гарантаваных Канстытуцыяй правоў.
У Беларусі праводзіць сацыяльна-палітычныя дасьледаваньні і дасьледаваньні грамадзкай думкі можна толькі з акрэдытацыяй Акадэміі навук. Але апытаньне грамадзкай думкі праводзіцца паводле навуковай мэтадалёгіі, у адрозьненьне ад журналісцкага відэаапытаньня выпадковых мінакоў. Да таго ж вулічнае апытаньне — адзін з распаўсюджаных жанраў журналісцкіх матэрыялаў.
Крыніца: Радыё Свабода