Ужо больш за месяц па Магілёву ходзяць чуткі, што ў горад хутка прыедзе дзейны кіраўнік Беларусі. У апошнія дні падрыхтоўка да прыезду набывае ліхаманкавыя памеры: асфальтуюцца дарогі, мяняюцца турнікеты і адбойнікі, вымятаецца смецце… 4 лістапада адбылася генеральная рэпетыцыя адкрыцця новых карпусоў бальніцы.
Па інфармацыі з вартых даверу крыніц візіт галоўнага чыноўніка краіны запланаваны на лістападаўскія святы. Мэтай візіту з’яўляецца дэманстрацыя і адкрыццё новых карпусоў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы: кардыяхірургічнага і кардыятэрапеўтычнага, а таксама фізкультурна-аздараўленчага комплексу па вуліцы Фаціна.
Будаўніцтва Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы пачалося ў далёкім 1966 годзе, а адкрыццё адбылося 30 сакавіка 1971 года. З таго часу шпіталь стаў адным з буйнейшых медыцынскіх устаноў краіны. Адначасова Магілёўская абласная бальніца з’яўляецца арганізацыйна-метадычным цэнтрам і ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва лячэбна-прафілактычных устаноў вобласці ў пытаннях укаранення і ўдасканалення перадавых медыцынскіх тэхналогій. Яе матэрыяльная база даўно патрабавала пашырэння і абнаўлення. Увядзенне ў эксплуатацыю кардыяхірургічнага і кардыятэрапеўтычнага карпусоў бальніцы, якія аб’яднаны ў адзіны сучасны кардыялагічны цэнтр, абсталяваны высокатэхналагічным абсталяваннем сусветнага ўзроўню, – значная падзея для вобласці.
Вакол бальніцы ўжо некалькі дзён размешчаны дзясяткі машын са спецыялістамі, якіх нельга фатаграфаваць, дзяжурыць брыгада тэлебачання. 4 лістапада адбылася генеральная рэпетыцыя адкрыцця бальніцы. Усталявана спецыяльная сцэна. Абласныя і гарадскія чыноўнікі ходзяць з хмурнымі незадаволенымі тварамі.
Паўсюль прыбіраецца смецце.
Ідзе пасадка дрэў вакол бальніцы.
Пасля адкрыцця новых карпусоў, як сведчаць інфармаваныя асобы, прадугледжаны праезд картэжу па пабудаванаму сёлета пуцеправоду-дублёру вуліцы Якубоўскага і Загараднай шашы, які, як цяпер выяўляецца, невыпадкова быў названы імем 17 верасня. Новы ўчастак дарогі працягласцю 1,7 кіламетра злучае паміж сабой вуліцы Касманаўтаў і Пысіна, даючы магчымасць аўтатранспарту абмінуць цэнтральныя гарадскія магістралі. Ён быў адкрыты да Дня народнага адзінства.
Надалей будзе адкрыты фізкультурна-аздараўленчы комплекс на вуліцы Фаціна. Вакол ФАКа ліхаманкава прыбіраюць і асфальтуюць тэрыторыю.
Калі меркаваць па ліхаманкавых рамонтных работах на вуліцы Ленінская ад плошчы Леніна да вуліцы Крупская, то запланаваны і праезд па гэтай магістралі, якая вядзе ў бок Шклова. У кастрычніку на яшчэ прыдатнай для праезду дарозе ўкладзена новае асфальтавае пакрыццё. У гэтыя дні на гэтым участку мяняюцца адбойнікі на пуцеправодзе за аўтавакзалам. Сама ж вуліца Крупская таксама была рэканструявана летась.
Таксама назіраюцца інтэнсіўныя работы па прыборцы тэрыторыі ўздоўж дарог паўночнай частцы Шклоўскага раёна.
Усё сведчыць пра тое, што ідзе тэрміновая падрыхтоўка да самай важнай для чыноўнікаў падзеі 2021 года.