Зусім нядаўна адбылося адкрыццё купелі ў вёсцы Нізкі Крычаўскага раёна. Сімвалічна, што гэта было якраз падчас Вадохрышча, бо менавіта ў гэты час ў розных кутках Беларусі існавала традыцыя набіраць крынічную ваду.
Крыніца ў Нізках славілася ў народзе лекавальнымі якасцямі, бо згодна народным уяўленням, вада дапамагала аднавіць зрок. Раней да крыніцы ў Нізках прыязджалі людзі са ўсіх наваколляў. Хадзіць і набіраць крынічную ваду падчас Вадохрышча, верагодна, была даўняй традыцыяй у мясцовых жыхароў. Цяпер жа месца, дзе б’е крынічны ключ стане яшчэ больш адметным са з’яўленнем купелі.
Будоўлю купелі можна назваць народнай, бо ў гэтым мерапрыемстве ўдзельнічала нямала прадпрыемстваў і фундатараў. Так, завод жалезабетонных вырабаў вылучыў кольцы, бетонныя блокі, а УКВП «Камунальнік» – пад’ёмны кран і бетон. ДРСУ-198 забяспечыла неабходным для будаўніцтва пяском, які даставілі аўтамабілі філіяла № 2 «ЦемАўто» рэспубліканскага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская цэментная кампанія». Прычым яшчэ ў 2019 годзе ААТ «Крычаўцэментнашыфер» вылучыў спонсарскую дапамогу на ўпарадкаванне пляцоўкі для капліцы, купелі і крыніцы: 150 квадратных метраў пліткі. За кароткі тэрмін уклалі водаадводныя трубы, выкапалі катлаван для купелі. Са сценамі для купелі дапамог завод па вытворчасці цэментна-стружачнай пліты ЗАТ «Белзарубежбуд», з дошкамі УКВП «Камунальнік», дах аплаціў ААТ «Крычаўскі рынак», а вокны зрабіў ураджэнец Крычава Сяргей Маісеенка. Між іншым актыўна далучалі, а лепш сказаць прымушалі працаваць падчас будаўніцтва тэхнічных работнікаў сярэдніх школ №3 і №8 Крычава. Не паспяваючы выконваць свае непасрэдныя абавязкі, яны былі абавязаны з пэўнай перыядычнасцю далучацца да будаўнічых і земляных работ на крыніцы ў Нізках. Мясцовая раёнка, натуральна, пра гэтыя акалічнасці працы не пісала. Дарэчы, у далейшым плануецца таксама ўсталяваць капліцу і абсталяваць купелю, да якой будзе весці ўпарадкаваная сцяжынка. Акрамя таго, будуць зроблены насцілы ў выглядзе дарожак, усталяваны тры альтанкі для адпачынку.
На адкрыцці купелі не абыйшлося і без прысутнасці праваслаўных святароў. Абрад асвячэння крыніцы здзейснілі бацюшка царквы Уваскрасення Хрыстова Сяргей Карастылёў і святар Свята-Мікалаеўскага храма Андрэй Ігнатушка, а таксама настаяцель Свята-Пакроўскага храма Сяргей Пешко. На мерапрыемстве прысутнічалі таксама начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Дзмітрый Хайноўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава, а таксама старшыня Лабковіцкага сельскага савета Сяргей Таўпыга. У мясцовай газеце «Кричевская жизнь» адзначана, што «в торжественной обстановке была перерезана красная ленточка». Акрамя таго, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава ўручыла падзяку дырэктару УКВП «Камунальнік» Алегу Халімоненку. Выглядае на тое, што адкрыццё купелі можна назваць піяр-акцыяй крычаўскага чынавенства і дэманстрацыяй дасягненняў мясцовай уладай, якіх можна налічыць на пальцах адной рукі. А так, як фактычна не было затрачана бюджэтных сродкаў на будаўніцтва купелі і ўпарадкаванне крыніцы, то атрымаўся дастаткова танны піяр.
Па словах Ірыны Пруднікавай ідэя будаўніцтва купелі ўзнікла даўно, а першыя працы па ўпарадкаванні крыніцы пачаліся яшчэ два гады таму. Ініцыятыва ўпарадкавання крыніцы хутчэй за ўсё сыходзіла ад працаўнікоў Лабковіцкага сельсавета. Крычаўскі раён, дарэчы, адзін з нешматлікіх, дзе не было купелі на крыніцы. Дарэчна прыгадаць, што першым варыянтам будаўніцтва купелі была Святая крыніца каля Прудка. Менавіта там у другой палове 2015 года каля крыніцы была выкапана экскаватарам канава, якая запоўнілася вадой. Канава існавала доўгі час (поўгады мінімум), а затым была закапана. Відавочна, што праект стварэння купелі і капліцы пасля першых земляных работ спыніўся і праз невялікі прамежак часу наогул быў згорнуты. Гэтыя дзеянні мясцовых уладаў былі вельмі сумнеўнымі, бо дакументальна падобныя земляныя работы не фіксаваліся і хутчэй шкодзілі ўнікальнаму воднаму аб’екту Крычаўшчыны. Цяпер стан крыніцы здавальняючы, аднак Святая крыніца як унікальны водны аб’ект дагэтуль не з’яўляецца помнікам прыроды ці экалогіі. Наадварот прылеглая тэрыторыя да сакральнага аб’екта афіцыйна з’яўляецца зонай адпачынку «Светлая крыніца». Парадаксальна і супярэчліва спалучаецца назва «Святая крыніца» (яна пазначана на шыльдзе, што паказвае напрамак да воднага аб’екта) і афіцыйнага статуса.
Рашэннем Крычаўскага райвыканкама ад 10 мая 2018 г. № 13-1 «Об определении мест массового отдыха граждан Кричевского района» воднаму аб’екту прызначаны статус месца адпачынку мясцовага значэння. Нягледзячы на тое, што каля альтанак (размешчаны недалека ад крыніцы) знаходзяцца сметніцы, тым не менш яны выклікаюць занепакоенасць, бо спрыяюць засмечванню тэрыторыі ўнікальнага культавага месца. Ёсць вялікая небяспека, што далейшыя планы па ўпарадкаванні крыніцы ў Нізках прывядуць да таго, што шанаванае месца ў мясцовых жыхароў ператворыцца ў месца адпачынку, што і адбылося са Святой крыніцай у Прудку.
Такім чынам, пасля няўдалай спробы зрабіць купелю і капліцу на Святой крыніцы каля Прудка праз пару год вырашана было ўзяцца за крыніцу ў Нізках. Чаму такое імкненне зрабіць купелю і асвяціць месца? Відавочна таму, што сярод царкоўных службоўцаў ёсць негалоснае пажаданне мець у кожным прыходзе па адной святой крыніцы. Вось і праект купелі на крыніцы ў Нізках гэта сумеснае дзеянне раённай улады і праваслаўных бацюшак Крычава. Атрымліваецца што згаданае мерапрыемства зроблена ў першую чаргу для мясцовых чыноўнікаў і бацюшак, а ўжо толькі пасля для простага народа, уключна і мясцовых жыхароў Нізак. Засмучае яшчэ і той факт, што старадаўнія народныя традыцыі шанавання крыніц зусім не бяруцца пад увагу і менавіта гэта чарговы раз праявілася падчас будаўніцтва купелі ў Нізках.
Фота: «Кричевская жизнь», «Магілёўскі рэгіён»
Алесь Крыжэвіч