Галоўная » Упершыню жанчына стала Асобай года ў Магілёве паводле версіі грамадства

Упершыню жанчына стала Асобай года ў Магілёве паводле версіі грамадства

Ініцыятыва «Грамадскі магістрат» падвяла вынікі галасавання за Асобу і Падзею 2018 года ў Магілёве. Традыцыйна прэмія ладзіцца каля 28 студзеня – дня надання Магілёву Магдэбургскага права (права на самакіраванне). Гэтая прэмія – спроба вярнуць жыхарам гораду магчымасць самастойна вырашаць свае справы і народным галасаваннем уплываць на падзеі ў горадзе.

Вядоўца прэміі – гісторык і сябра Грамадскага магістрату Ігар Пушкін

Спачатку сацыёлагі вылучылі 8 асобаў і 8 падзеяў, якія летась выклікалі найбольшы рэзананс у медыях і ў грамадскім жыцці гораду. А пасля адбылося анлайн-галасаванне на сайце «Грамадскага магістрату» і афіцыйнае падвядзенне вынікаў прэміі.

Самы першы этап – гэта кантэнт-аналіз, які праводзяць дасведчаныя сацыёлагі

 

Прэмія Асоба і Падзея года ў Магілёве ўручаецца ўжо сёмы год запар

Падзея году – выстава

Падзеяй году, па версіі грамадства, стала выстава «Невядомы Магілёў 1918», праведзеная Музеем гісторыі гораду. Узнагароду атрымаў дырэктар музею Аляксей Бацюкоў.

Аляксей Бацюкоў, дырэктар музею гісторыі Магілёва

Але не толькі ён спрычыніўся да выставы, а таксама ўсе супрацоўнікі музею, сябры, якія рыхтавалі экскурсіі па выставе і, канешне ж, магілёвец Алег Давід Лісоўскі, які падзяліўся сваёй калекцыяй фотаздымкаў для правядзення гэтай выставы.

 

Алег Давід Лісоўскі цяпер жыве ў Баварыі і за асабістыя грошы набывае старыя фотаздымкі Магілёва на інтэрнэт-аўкцыёнах. Са сваймі суайчыннікамі калекцыянер дзеліцца здабыткамі праз выставы, а таксама праз свой інтэрнэт-архіў. У ягонай калекцыі – каля 800 здымкаў, па якіх можна вывучаць гісторыю і архітэктуру гораду.

Магілёў 1918, мост праз Днепр, фота з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

 

Магілёў 1918 г на старонках польскай газеты, з архіву Алега Давіда Лісоўскага,

Выстава «Невядомы Магілёў 1918» паказала, чым жыў і як выглядаў Магілёў сто гадоў таму. Аснову экспазіцыі склалі чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі ў акупаваным Магілёве ў 1918 годзе.

Алег Давід Лісоўскі на правах Асобы 2017 году праз скайп агучыў імя Асобы 2018 году.

 

Асоба году – жанчына, якая стварыла творчы цэнтр

Упершыню Асобай году ў Магілёве па версіі грамадства стала жанчына – Алеся Цумарава. За адкрыццё творчага цэнтру для людзей з асаблівасцямі «Тэрыторыя людзей». Праект спалучае функцыі крамы і адукацыйнага цэнтру. Тут прадаюцца творчыя вырабы ад людзей з асаблівасцямі і праходзяць майстар-класы, адкрытыя для ўсіх, але для людзей з асаблівасцямі яны бясплатныя. На занятках вучаць вырабляць сувеніры, ляпіць, шыць, а таксама самім прадаваць сваю прадукцыю.

Алеся Цумарава, калі пачула сваё імя, не змагла стрымаць эмоцый.

Алеся Цумарава сама жыве з цэрэбральным паралюшам. На яе думку, усім патрэбна магчымасць для самарэалізацыі.

 

«Ёсць людзі, якія вельмі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці гораду і іх абавязкова трэба адзначыць. Актывізацыя грамадскай супольнасці – нашая мэта. Грамадскае самакіраванне, грамадскае абмеркаванне і грамадскі кантроль – нашыя прынцыпы. Мы хацелі, каб магілёўцы самі абмяркоўвалі свае праблемы. Вось узяць інтэрнэт-галасаванне. Вы б толькі паглядзелі, колькі там было абмеркаванняў паміж людзьмі», – кажа сябра «Грамадскага Магістрату» Алесь Агееў.

 

Адзін з намінантаў на Асобу года – Аляксей Каплан за кампанію па захаванні габрэйскіх могілак

Прэмія Асоба і Падзея году ў Магілёве праводзіцца ўжо 7-ы раз. Арганізатары адзначаюць, што з кожным годам актыўных людзей становіцца ўсё болей.

Вольга Васільева, фота аўтара/Belsat.eu