Недарэчныя і дзіўныя скульптурныя кампазіцыі з дрэва, саломы і іншых матэрыялаў, размаляваныя камяні, недарэчныя агароджы і непатрэбныя паркоўкі з ходнікамі – дзівосы, якіх дастаткова ў розных гарадах Магілёўшчыны. Аднак для разгляду возьмем толькі некаторыя прыклады ўсходнемагілёўскага агратрэшу.
Яксравым прыкладам гэтай негатыўнай з’явы з’яўляецца райцэнтр Краснаполле. Паселішча адзначаецца тым, што ў мястэчку шмат размаляваных у розныя колеры камянёў, што, здаецца, больш нідзе столькі не ўбачыш, хоць паселішча па тэрыторыі дастаткова маленькае. Пэўна для аматараў рознакаляровага ўспрыняцця свету Краснаполле будзе сапраўдным раем на Зямлі, дзе нават камяні размаляваны ва ўсе колеры вясёлкі. Мабыць размаляваныя камяні і ёсць будучым брэндам райцэнтра?
Па-свойму аграэстэтыка праяўляецца і ў Крычаве, дзе на ўездзе ў горад побач з картай раёна размяшчаюцца размаляваныя валуны з гербам горада і шляхецкага рода Галынскіх, камяні з выявай палаца Пацёмкіна-Галынскіх, Свята-Мікалаеўскай царквы і суднаверфі (пабудаванай у 1785 годзе). Ці з’яўляецца гэта мясціна хоць нейкай адметнасцю? І наогул адкуль такія дзіўныя эстэтычныя густы? Пафарбаваных, размаляваных валуноў уздоўж дарог беларускіх гарадоў становіцца ўсё больш і больш. Такое ўражанне, што прыроднай прыгажосці каменя сучасны беларус больш не разумее. Раней, натуральным чынам, такога не было. Саматужна аздобленыя камяні — з’ява «новага часу» і далёка не самая пазітыўная для нашай краіны.
У Крычаве і акрамя падобных месцаў хапае агратрэшу. Вось, напрыклад адносна нядаўна мясцовы “крэпкі хазяйственнік” Седукоў загадаў зпілаваць дрэвы па цэнтральных дарогах горада, навёўшы па яго меркаванню парадак. Пра гэта, дарэчы, пісаў “Магілеускі рэгіён” – https://old.6tvby.media/u-krychave-masava-zrazajuc-drjevy/. Гэта прывяло да таго, што падчас нядаўняй спёкі людзям проста не было куды схавацца ад моцнага сонца. Больш за тое, цяпер вуліцы горада выглядаюць зусім голымі.
Хведар Прылёпаўскі