У райцэнтры Чэрыкаве на карантын зачынілі ўсе школы. COVID-19 выявілі ў пэдагогаў, мясцовыя ўлады кажуць пра «сур’ёзную сытуацыю», але не называюць лічбаў, паведамляе Радыё Свабода.
У аддзеле адукацыі Чэрыкаўскага райвыканкаму кажуць пра тры закрытыя школы. Сытуацыю ацэньваюць як сур’ёзную. Высьветліць колькасьць настаўнікаў, у якіх выявілі каранавірусную інфэкцыю, не ўдалося.
У прыватнай гутарцы адзін з пэдагогаў, які папрасіў захаваць ананімнасьць, паведаміў пра шпіталізацыю прынамсі трох настаўнікаў школы № 2 з COVID-19. Паводле яго, цяпер рыхтуюцца пакоі для ізаляцыі кантактаў першага ўзроўню.
«Абстаноўка ў нас дужа неспакойная, — кажа адзін з жыхароў райцэнтру. — Чутак шмат. Разабрацца, дзе што праўдзівае, а што выдуманае, складана. Афіцыйных паведамленьняў пра сытуацыю ў раёне няма…»
1 траўня раённая газэта «Веснік Чэрыкаўшчыны» зьвярнулася да жыхароў раёну, каб тыя «бязь пільнай неабходнасьці не пакідалі свае дамы».
«Пераканаўча просім бацькоў, чые дзеці сталі кантактамі 1-га ўзроўню, забясьпечыць самаізаляцыю дзіцяці і заставацца зь ім дома, сышоўшы ў сацыяльны ці працоўны водпуск», — гаворыцца ў звароце.
Свабодзе таксама стала вядома, што, акрамя настаўнікаў, COVID-19 выявілі ў 5 чэрыкаўскіх работнікаў аб’яднаньня «Магілёўэнэрга». Іхныя кантакты першага ўзроўню ізаляваныя.
Чэрыкаўскі раён — адзін з самых пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 25 вёсак былі адселеныя, а сядзібы закапаныя. З раёну зьехала 40 працэнтаў насельніцтва.
«Для нашага невялікага раёну гэта трывожная лічба»
Намесьніца старшыні чэрыкаўскага райвыканкаму Ларыса Асмалоўская не назвала карэспандэнту Свабоды лічбы хворых на каранавірус у горадзе і раёне, але запэўніла, што «дзясяткаў няма».
«Для нашага невялікага раёну гэта трывожная лічба. Таму мы адпрацоўваем усе кантакты 1-га і 2-га ўзроўню. У школах мы пайшлі на індывідуальнае навучаньне. Калі настаўнік захварэў, то ў яго будуць кантакты, таму ў гэтай сытуацыі лепш засьцерагчыся. У сваіх інтэрнэт-СМІ мы адкрыта інфармуем, просім бацькоў, калі іх дзеці былі кантактамі 1-га ўзроўню, то забясьпечыць самаізаляцыю. Было прынята рашэньне каардынацыйнага штабу абмежаваць кантакты — і бацькі да гэтага паставіліся спакойна. Ва ўсіх дзяцей створаны чаты па клясах», — сказала чыноўніца.
Паводле Асмалоўскай, ніводзін чалавек у раёне не ляжыць на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
«Тых, хто захварэў на пнэўманію, забралі ў Магілёў у тубдыспансэр, гэта больш надзейна. Хворых з пнэўманіяй без COVID-19 у Чэрыкаве ў лякарні ляжыць чатыры чалавекі. Магчыма, нехта ўжо выпісаўся. А тых, у каго станоўчы аналіз па каранавірусе — гэта два чалавекі, мы накіравалі ў Магілёў. Усюды сёлета ўспышка пнэўманій. Усім, хто трапляе да нас з пнэўманіяй, мы робім тэст на COVID-19», — сказала намесьніца старшыні чэрыкаўскага райвыканкаму.