Міністэрства аховы здароўя ў сваім Telegram-канале апублікавала статыстыку выпадкаў COVID-19 у Беларусі на 10 красавіка.
- 1793 пацыентаў з каранавірусам шпіталізаваныя;
- зь іх 72 маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх;
- 169 выздаравелі;
- памерлі 19 інфікаваных каранавірусам;
- разам гэта дае 1981 прызнаных выпадкаў — плюс 495 выпадкаў за дзень.
Мінздароўя адзначае, што павелічэньне колькасьці хворых «паступовае і кантраляванае», а «большасьць выпадкаў гэта кантакты 1 і 2 узроўняў». Раней міністэрства сьцьвярджала, што паміралі «ў асноўным» пацыенты «з мноствам хранічных захворваньняў», цяпер — што ўсе 19 памерлых з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй мелі таксама хранічныя захворваньні.
Днём раней Мінздароўя паведамляла пра 1486 выпадкаў: 1331 шпіталізаваных, 16 памерлых, 139 выпісаных здаровымі, 420 новых выпадкаў за дзень.