Міністэрства аховы здароўя апублікавала 15 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.
Паводле звестак Мінздароўя, па стане на раніцу 15 красавіка ў Беларусі зарэгістраваныя 3728 чалавек з наяўнасцю каранавіруса (прырост 447 чалавек, або 13,6%). 68 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Памерлі 36 пацыентаў (учора была лічба 33) з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй, адзначаецца ў паведамленні.
Праведзена 76.198 тэстаў. Для тэставання задзейнічаны 24 лабараторыі. Прычым яны адкрытыя як у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах і цэнтрах гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, так і ў прыватных медыцынскіх цэнтрах.
Днём раней міністэрства паведамляла пра 3281 выпадак каранавірусу (362 выпадкі за дзень), 33 памерлых. Па стане на 14 красавіка Мінздароўя фіксавала такі распаўсюд COVID-19 па рэгіёнах:
- 1691 у Менску;
- 359 у Менскай вобласьці (бязь Менску);
- 848 у Віцебскай вобласьці;
- 151 у Магілёўскай вобласьці;
- 106 у Гомельскай вобласьці;
- 73 у Берасьцейскай вобласьці;
- 53 у Горадзенскай вобласьці.
Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня і да скасаваньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да «падрыхтоўкі да найгоршых сцэнароў», піша Радыё Свабода