Міністэрства аховы здароўя Беларусі 8 красавіка апублікавала ў Telegram статыстыку выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў краіне. Раней Мінздароўя тлумачыла, што атрымлівае зьвесткі двойчы на дзень, у 8 раніцы і 18 вечара.
Паводле Мінздароўя, на раніцу 8 красавіка выявілі:
- 976 пацыентаў з каранавірусам на лячэньні;
- зь іх 33 маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх;
- у «большай часткі» пацыентаў хвароба праходзіць «у лёгкай або сярэдняй форме», а колькасьць пацыентаў у цяжкім стане не паведамляецца;
- 77 выпісаныя здаровымі;
- памерлі 13 інфікаваных каранавірусам — новых сьмерцяў за дзень ня выявілі;
- разам гэта дае 1066 прызнаных выпадкаў — плюс 205 выпадкаў за дзень;
- для пацыентаў з каранавірусам прадугледзелі больш за 7000 месцаў у лякарнях;
- ад пачатку эпідэміі правялі каля 46 тысяч тэстаў на каранавірус, цяпер іх робяць у 13 лябараторыях;
- «у барацьбе з COVID-19» задзейнічана 25 тысячаў мэдыкаў.
Днём раней, паводле Мінздароўя, у Беларусі быў 861 выпадак COVID-19: 794 пацыенты знаходзіліся ў лякарнях (зь іх 31 — на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх), 54 паправіліся і былі выпісаныя, 13 чалавек памерлі. За суткі было 160 новых выпадкаў, але міністэрства не прызнала ніводнай новай сьмерці, піша Радыё Свабода.