На сайце гарвыканкама 6.10.21 з’явілася інфармацыя пра ваенны прызыў грамадзян 1994-2003 гадоў нараджэння. Увесь зварот пранікнуты пагрозамі адказнасці прызыўнікам у выпадку іх неяўкі. Няўжо ўсё так кепска з прызывам?
Прызыў на вайсковую службу – звычайная штогадовая справа, але чамусьці ўся сёлетняя інфармацыя пра гэта – гэта прамая пагроза маладым людзям. Магчыма старэйшы афіцэр аддзела прызыву магілёўскага ваеннага камісарыята капітан П.Д. Гарбачоў і не заўважыў гэтага, але з першага абзацу ён пачаў папярэджваць, а з другога пагражаць будучым абаронцам Айчыны.
Ваенны камісарыят праз сайт гарвыканкама, каб “перасцерагчы прызыўнікоў ад злачынстваў”, нагадаў ім пра артыкул 39 Закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» – абавязак з’явіцца па позвах, а затым і пра артыкул 26.1. – аб мерах адміністрацыйных правапарушэннях і накладанні штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь.
І мілая вішанка на торце.
У апошнім абзацы можна прачытаць, што “…грамадзяне, якія не атрымалі персанальную павестку аб яўцы на мерапрыемствы прызыву, абавязаны з’явіцца ў ваенны камісарыят горада… маючы з сабой дакументы, якія сведчаць асобу.”
Як міла! Калі нашых хлопчыкаў не выклікалі, то яны абавязаны самі здагадацца, самі з’явіцца і самі здацца. Ну падобна як некалькі дзён таму ўдзельнікам пратэстаў 2020 адзін высокі чын прапанаваў самім з’явіцца ў органы, самім на сябе стукануць і самім здацца. А што, чым гэта прызыўнікі лепшыя за ўдзельнікаў пратэстаў. Фініта ля камедыя.
Калі ж нашы чыны навучацца размаўляць з грамадзянамі, як з ЛЮДЗЬМІ? На жаль, гэта рытарычнае пытанне.
Тася Лемон