Галоўная » Ваенны пераварот у Судане

Ваенны пераварот у Судане

Паводле інфармацыі Рэйтар, іншых сусветных інфармагенцтваў, спецпрадстаўнік генеральнага сакратара ААН па Судане Волкер Пертес занепакоены паведамленнямі аб перавароце ў краіне, заклікае ўсе бакі праяўляць максімальную стрыманасць і вярнуцца да дыялогу, паведамляе прэс-служба ААН. 

Раней СМІ паведамілі пра памяшканне прэм’ер-міністра Судана Абдалы Хамдока пад хатні арышт. Па іх дадзеных, затрыманы таксама чатыры міністра і грамадзянскі прадстаўнік Суверэннага савета краіны Мухамед Фекі. 

У шэрагу раёнаў сталіцы Хартума адключаны інтэрнэт, ваенныя перакрылі масты ў горадзе. 

Апазіцыйнае да ваенных уладаў Судана “Аб’яднанне прафсаюзаў” выпусціла заяву, у якой заклікала жыхароў краіны выйсці на вуліцы для супрацьстаяння “ваеннаму перавароту”. 

“Я глыбока занепакоены паведамленнямі аб перавароце і спробах падарваць палітычны пераход у Судане. Затрыманні прэм’ер-міністра, чыноўнікаў і палітыкаў, пра якія паведамлялася, непрымальныя”, – прыводзіць прэс-служба словы Пертеса. 

Спецпрадстаўнік ААН заклікаў усе бакі ў Судане праяўляць максімальную стрыманасць і неадкладна вярнуцца да дыялогу. Акрамя таго, ён заклікаў суданскія сілы бяспекі неадкладна вызваліць тых, хто быў незаконна затрыманы або змешчаны пад хатні арышт. 

НАША ДАВЕДКА: Рэспубліка Судан – дзяржава ва Усходняй Афрыцы. Мяжуе з Егіптам, Лівіяй, Чадам, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай, Паўднёвым Суданам, Эрытрэяй і Эфіопіяй. Мае выхад да Чырвонага мора. Сталіца – горад Хартум. Да падзелу ў 2011 на Судан і Паўднёвы Судан з’яўляўся найбуйнейшай па тэрыторыі афрыканскай краінай, цяпер займае трэцяе месца (1,9 млн. кв. км) пасля Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Алжыра.  Мае насельніцтва каля 40 млн. чалавек.

ПЫТАННІ ЭСКСПЕРТУ, географу  Ігару Шаруху.

-Ці часта бываюць ваенныя перавароты ў Афрыцы?

-Ваенныя перавароты – з’ява дастаткова частая ў “трэціх” краінах, у першую чаргу, афрыканскіх. За апошнія 10 гадоў гэта перавароты адбыліся Гвінеі-Бісаў і Малі – у 2012 г., у Егіпце і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы ў 2013, у Таіландзе ў 2014, у Буркіна-Фасо у 2015, у Зімбабве – у 2017 (у выніку быў пазбаўлены ўлады палітычны доўгажыхар Роберт Мугабе), у Судане у 2019, Малі ў 2020 г., у М’янме – у лютым 2021 г., у Гвінеі – у верасні 2021 г. Ва ўсіх выпадках пасля пераваротаў праводзіліся пэўныя рэформы, дэмакратычныя выбары. Напрыклад, у Гвінеі ў верасні  2021 г. пераварот адбыўся таму, што прэзідэнт А. Кандэ, адбыў два тэрміна прэзідэнтства, вельмі жадаў пайсці на 3-ці і пад гэта задумаў канстытуцыйную рэформу, а потым здзейсніў фальсіфікацыю вынікаў…

-Якая прычына новага пераварота у Судане?

– Шмалікія эксперты адзначаюць, што паміж суданскімі ваеннымі і грамадзянскім урадам краіны былі вельмі напружаныя ў апошнія месяцы адносіны, і ваенныя спалохаліся страты ўплыву, у т.л. эканамічнага, што і прывяло да перавароту. Ваенныя атрымліваюць падтрымку ад іншых рэгіянальных дзяржаў, у прыватнасці з боку Егіпта. 

Марэк Федаровіч

фото: aa.com.tr