Галоўная » Валер Карбалевіч: Чаму ўлады зьнішчаюць грамадзянскую супольнасьць?

Валер Карбалевіч: Чаму ўлады зьнішчаюць грамадзянскую супольнасьць?

Усьлед за ператрусамі, канфіскацыяй тэхнікі ў офісах НДА, пачынаецца працэс юрыдычнай ліквідацыі грамадзкіх арганізацый. Такія дзеяньні ўлады тлумачацца шматлікімі прычынамі. Тут і помста грамадзтву за паўстаньне 2020 году, і імкненьне прадухіліць новыя пратэсты, і рэакцыя на заходнія санкцыі.

Сьцісла:

  • Самаарганізацыя грамадзян па самой сваёй ідэі супярэчыць канструкту аўтарытарнай патэрналісцкай дзяржавы.
  • Лукашэнка разумее грамадзянскую супольнасьць, як сыстэму залежных ад уладаў карпарацый кшталту ФПБ, БРСМ, «Белая Русь», і інш.
  • Дасюль улады дазвалялі існаваць структурам грамадзянскай супольнасьці разам з апазыцыйнымі партыямі ў своеасаблівым палітычным гета.
  • Цяпер зьнішчаюцца ўсе легальныя пляцоўкі для існаваньня апанэнтаў. Адбываецца дэлегалізацыя любой неляяльнай рэжыму дзейнасьці. Застаецца толькі віртуальная прастора.
  • Ліквідацыя НДА — гэта спроба штучна, з дапамогай гвалту дамагчыся «спрашчэньня» грамадзтва. Гэта імкненьне адкінуць краіну на 30 гадоў назад, у часы СССР.
  • Зьнішчаюцца апошнія мэханізмы зваротнай сувязі з грамадзтвам.

Улады за адзін дзень 23 ліпеня закрылі звыш 40 НДА. Можна не сумнявацца, што такі ж лёс чакае і апазыцыйныя палітычныя партыі. Адбываецца плянамерная ліквідацыя грамадзянскай супольнасьці (ГС) як інстытуту. Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам ураду 22 ліпеня сфармуляваў гэта так: «Ідзе зачыстка». І патлумачыў, што ў свой час улады пабеглі за дэмакратыяй і настваралі «пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў».

Такія дзеяньні ўлады тлумачацца шматлікімі прычынамі. Тут і помста грамадзтву за паўстаньне 2020 году, і імкненьне прадухіліць новыя пратэсты, і рэакцыя на заходнія санкцыі.

Варта заўважыць, што з самага пачатку свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка адмоўна ставіўся да ГС як інстытуту, як зьявы. Бо самаарганізацыя грамадзян па самой сваёй ідэі супярэчыць канструкту аўтарытарнай патэрналісцкай дзяржавы. Лукашэнка разглядаў працэс самарэгулявальнай грамадзянскай дзейнасьці як безуладзьдзе, анархію, аслабленьне кіравальнасьці. І любая аўтаномная ад уладаў, самастойная, слаба кантраляваная дзяржавай зьява — ёсьць нешта анамальнае, выпадзеньне з нормы, выключэньне з правілаў.

Лукашэнка разумее ГС па-іншаму, як сыстэму залежных ад уладаў карпарацый. Паводле ягонага бачаньня, функцыя грамадзкіх арганізацый палягае ў тым, каб быць інструмэнтам у руках дзяржавы для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі. Бо ў любым недэмакратычным рэжыме для кантролю над грамадзтвам адных дзяржаўных органаў мала. Для большай устойлівасьці ствараюцца дадатковыя падпоркі ў выглядзе фармальна грамадзкіх арганізацый, а на самой справе — створаных уладай. У міжнароднай тэрміналёгіі гэта называецца ГОНГО.

У выніку ў Беларусі была створана мадэль своеасаблівага аўтарытарнага карпаратывізму. Для падтрыманьня сувязі паміж уладай і грамадзтвам створаны карпаратыўныя саюзы: ФПБ, БРСМ, «Белая Русь», саюз жанчын, саюз вэтэранаў, саюз адвакатаў і інш. У абмен на паслухмянасьць і згоду гуляць па правілах, зацьверджаным дзяржорганамі, гэтым структурам штучна надаецца манапольнае права на прадстаўніцтва інтарэсаў адпаведных слаёў насельніцтва. Прычым гэтыя карпаратыўныя саюзы ставяцца ў такое становішча, што яны ня столькі прадстаўляюць інтарэсы адпаведных сэгмэнтаў грамадзтва ў адносінах зь дзяржавай, колькі праводзяць дзяржаўную палітыку ў гэтых сэгмэнтах, слаях, г.зн., кажучы па-іншаму, гэтыя саюзы абдзяржаўліваюцца, становяцца як бы часткай дзяржаўнай машыны.

Але карпаратыўная мадэль уключае ў сябе ня толькі ГОНГО, але і, напрыклад, зьезды дактароў, настаўнікаў, навукоўцаў, судзьдзяў, прадстаўнікоў іншых прафэсій, якія пэрыядычна праводзіліся ўладамі.

Эксклюзіўнай беларускай формай імітацыйнай дэмакратыі зьяўляецца Ўсебеларускі народны сход.

Але дасюль улады дазвалялі існаваць структурам рэальнай ГС разам з апазыцыйнымі партыямі ў своеасаблівым палітычным гета. Іх трывалі, час ад часу прарэджвалі, і блякавалі актыўную дзейнасьць, выхад за межы гета. Бо трэба было неяк зьвяртаць увагу на міжнародную супольнасьць. Маўляў, глядзіце, у нас тут усё, як у людзей, ёсьць і праваабаронцы, і экалягічныя арганізацыі, і саюзы журналістаў, і аналітычныя структуры і інш.

А цяпер вырашылі ўсё гэта ліквідаваць, бо пазыцыя міжнароднай супольнасьці для афіцыйнага Менску ўжо не цікавая. То бок улады зьнішчаюць усе легальныя пляцоўкі для існаваньня апанэнтаў. Адбываецца дэлегалізацыя любой неляяльнай рэжыму дзейнасьці. Застаецца толькі віртуальная прастора. З дапамогай маштабных рэпрэсій улады імкнуцца загнаць прыхільнікаў перамен у рэзэрвацыю тэлеграм-каналаў.

Увогуле існаваньне ГС — гэта адлюстраваньне складанасьці сучаснага грамадзтва, прадстаўніцтва шматлікіх інтарэсаў. І ліквідацыя НДА — гэта спроба штучна, з дапамогай гвалту дамагчыся «спрашчэньня» грамадзтва. Гэта імкненьне адкінуць краіну на 30 гадоў назад, у часы СССР. Існы рэжым перакананы ў неабмежаваных магчымасьцях дзяржаўнай улады рабіць з грамадзтвам што заўгодна, ён бачыць у гвалце ўнівэрсальны спосаб вырашэньня любых грамадзкіх праблем.

Але такім чынам рэжым ліквідуе структуры, якія дапамагалі дзяржаве вырашаць шмат якія сацыяльныя задачы, да якіх ва ўладаў рукі не даходзяць. Аднак гэтая тэма цяпер для іх мала цікавая.

Ёсьць яшчэ адно нэгатыўнае наступства ліквідацыі ГС для самога рэжыму. Зьнішчаюцца апошнія мэханізмы зваротнай сувязі з грамадзтвам. Чаму маштаб рэпрэсій узмацняецца пры тым, што пратэсты зьніклі шмат месяцаў назад? Справа ў тым, што ўлады не разумеюць, што насамрэч адбываецца ў грамадзтве. Таму не могуць адэкватна ацэньваць пагрозы. І баяцца новага выбуху. А ў страха вочы вялікія.

Валер Карбалевіч

Крыніца: Радыё Свабода