Гэтая навіна цягне амаль на сэнсацыю: Расея пагадзілася кампэнсаваць Беларусі страты ад павышэньня цэнаў на нафту, піша у сваім блогу на Радыё Свабода Валер Карбалевіч. Чаму?
Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з губэрнатарам Архангельскай вобласьці Ігарам Арловым паведаміў, што ў ходзе тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным той пагадзіўся кампэнсаваць Беларусі страты ад павышэньня цэнаў на нафту ў памеры 300 млн даляраў. А прымаючы амбасадара Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашку, беларускі лідэр назваў лічбу 420–430 млн даляраў.
Прычым кампэнсацыя павінна адбыцца не за кошт бюджэту, а грашыма расейскіх кампаній. То бок дасюль кампаніі не хацелі саступаць ні даляра, настойвалі на прэміі, а цяпер яны гатовыя даваць свае грошы, каб кампэнсаваць Беларусі страты ад росту цэн. Нейкія дзівосы.
Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў гэтую інфармацыю. Праўда, наконт канкрэтнага памеру кампэнсацыі ён адзначыў, што «кожны бок робіць свае ўласныя калькуляцыі».
Пакуль мала інфармацыі наконт матываў такіх намераў расейскага боку. Магчыма, Менск зрабіў нейкія крокі насустрач.
Але выглядае, што гэта даволі сур’ёзны паварот у пазыцыі Масквы. Бо дасюль кампэнсацыю за падатковы манэўр у Расеі Крэмль жорстка ўвязваў з гатоўнасьцю Беларусі ісьці на стварэньне Саюзнай дзяржавы, падпісаньне «дарожных мапаў» інтэграцыі.
Больш за тое, Крэмль катэгарычна адмаўляўся ціснуць на расейскія кампаніі, каб тыя адмовіліся ад прэміі ў памеры 10–12 даляраў за тону. Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Козак увесь час казаў, што ўлады ня будуць умешвацца ў працэс узгадненьня цэнаў, гэта камэрцыйнае пытаньне.
Што ж здарылася? Відавочна, што гэтае рашэньне Пуціна неяк зьвязанае зь візытам у Беларусь кіраўніка кампаніі «Роснефть» Ігара Сечына. Перад паездкай яго прыняў Пуцін, а пасьля перамоваў з Лукашэнкам ён зноўку сустракаецца з прэзыдэнтам Расеі. Адначасова Дзьмітрый Козак праводзіць тэрміновую нараду з кіраўнікамі нафтавых кампаній. Пасьля гэтага Пуцін тэлефануе Лукашэнку і кажа пра кампэнсацыю.
У мяне ёсьць чатыры вэрсіі, якія тлумачаць нечаканую перамену пазыцыі Крамля.
Магчыма, Лукашэнка паабяцаў Сечыну прадаць кампаніі «Роснефть» пакет акцый Мазырскага НПЗ. І Масква аддзячыла. Тады становіцца зразумелай загадкавая фраза з паведамленьня прэс-службы прэзыдэнта Расеі, што гаворка падчас тэлефоннай размовы ішла ў тым ліку і пра «ўзаемадзеяньні ў энэргетычнай сфэры і рэалізацыі буйных сумесных праектаў».
Лукашэнка напужаў Маскву, што, калі бакі не дасягнуць згоды, то Беларусь пачне забіраць з нафтаправоду «Дружба» нафту, якую расейскія кампаніі пастаўляюць у Эўропу. І Пуцін, каб не рабіць скандалу ў адносінах з эўрапейскімі спажыўцамі, пайшоў на саступку.
Ад гэтага карантыну з пастаўкамі нафты ў Беларусь цярпіць ня толькі беларуская эканоміка — страты нясуць і расейскія нафтавыя кампаніі. Таму падлічылі, што таньней будзе заплаціць.
Уся кампанія ў справе «прымушэньня Беларусі да інтэграцыі», эканамічны шантаж ладзіліся дзеля таго, каб з дапамогай «саюзнай дзяржавы» вырашыць для Пуціна праблему 2024 году. Цяпер, калі задача працягненьня ўлады Пуціна вырашаецца іншым шляхам (зьмена Канстытуцыі РФ), то душыць Лукашэнку і Беларусь ужо няма сэнсу. І Крэмль адкруціў назад. Зрабіўшы такім чынам падарунак Лукашэнку да прэзыдэнцкіх выбараў.
Ці азначае ўсё гэта, што вяртаецца эпоха «танных нафты і газу ў абмен на пацалункі»? На гэтае пытаньне пакуль адказаць складана, бо шмат што застаецца невядомым.