Апошнія выказваньні кіраўніка сьведчаць, што ён не зьбіраецца сыходзіць, лічыць палітолаг.
«Падчас наведваньня абласнога клінічнага шпіталю ў Магілёве 15 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Пакуль апошні амапавец і доктар сапраўдны не скажа: «усё, Лукашэнка, ты сваю справу зрабіў», да таго часу я буду біцца за гэтую краіну. У мяне больш, акрамя яе, нічога няма».
Гэтую фразу можна трактаваць так, што Лукашэнка вырашыў ніколі не сыходзіць з сваёй пасады, — адзначае Валер Карбалевіч. — Бо знайсьці амапаўца ці доктара, які будзе яго падтрымліваць да канца, нецяжка. Раней ён намякаў, што не выключае свайго сыходу, што, маўляў, новая Канстытуцыя – гэта не для яго, а для наступнага прэзыдэнта. Цяпер усё памянялася. Лукашэнка прыйшоў да высновы, што пратэсты задушыў, узяў сытуацыю ў краіне пад кантроль. Цяпер можна адкінуць усе свае абяцаньні, якія ён даваў Крамлю. А зь беларускім народам можна не цырымоніцца».