Парадокс беларускай контрарэвалюцыі палягае ў тым, што адказам на выбух народнага пратэсту сталі контрарэформы, піша палітоляг Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Аднак у гэтым працэсе ёсьць свая заканамернасьць. Рэвалюцыі не праходзяць бясьсьледна. Тэрмідор — гэта ня поўны адкат да дарэвалюцыйнага пэрыяду. Рэстаўрацыя не бывае поўнай. Бо пераможная рэвалюцыя звычайна заходзіць значна далей за тыя гістарычныя задачы, якія павінна выканаць. І тэрмідор прыводзіць грамадзтва ў норму.
У пэўным сэнсе і лукашэнкаўская рэстаўрацыя 1994 году стала рэакцыяй беларусаў на рэвалюцыйную гарбачоўскую перабудову. Апошняя была для беларускага грамадзтва занадта радыкальнай, і большасьць насельніцтва не была гатовая яе пераварыць. Аднак створаная Лукашэнкам сацыяльная мадэль не была поўным вяртаньнем да савецкіх часоў.
Гэтае правіла тычыцца і тых рэвалюцый, якія пацярпелі паразу. Бо ўлада засвойвае ўрокі рэвалюцыйнага выбуху, спрабуе зразумець яго прычыны і пачынае гуляць на апярэджаньне. Безумоўна, улада, якая сілай здушыла пратэст, ладзіць шырокія рэпрэсіі. Аднак адначасова адбываюцца пэўныя рэформы ў тым кірунку, якога хоча грамадзтва.
Напрыклад, першая расейская рэвалюцыя 1905–1907 гадоў не перамагла. Аднак у выніку яе ў Расеі зьявіўся парлямэнт — Дзяржаўная дума. Акрамя «сталыпінскіх гальштукаў» (шыбеніц), была і сталыпінская аграрная рэформа.
Возьмем бліжэйшы да нас пэрыяд. У 1989 годзе кітайскія камуністы на плошчы Т’яньаньмэнь задушылі танкамі студэнтаў-пратэстоўцаў. Аднак усьлед за гэтым яны паскорылі эканамічныя рэформы, якія хутка павысілі ўзровень жыцьця насельніцтва і зьнялі сацыяльнае напружаньне ў краіне.
Ці спрацоўвае гэтая заканамернасьць у беларускай рэвалюцыі 2020 году, якая пацярпела часовую паразу? Ці засвоіў існы рэжым яе ўрокі? Бо здушыць народны пратэст сілай — гэта толькі частка рашэньня праблемы ягонага выжываньня. Таму, здавалася б, каб прадухіліць новы выбух, зьняць грамадзкае напружаньне, трэба ладзіць нейкія прэвэнтыўныя захады, з дапамогай рэформаў пагасіць прычыны незадаволеньня, рабіць жэсты насустрач чаканьням большай часткі насельніцтва.
Аднак парадокс беларускага тэрмідора палягае ў тым, што нічога са згаданага вышэй ня толькі не рэалізуецца, але нават і не абяцаецца. Стаўка робіцца выключна на гвалт і жорсткія рэпрэсіі. Умоўна кажучы, «сталыпінскім гальштукам» не спадарожнічаюць сталыпінскія рэформы.
Больш за тое, адбываюцца контрарэформы. Палітычная сыстэма становіцца яшчэ больш аўтарытарнай. Зачыняюцца тыя маленькія акенцы, якія існавалі да прэзыдэнцкай кампаніі. Усялякае іншадумства абвяшчаецца экстрэмізмам. Гледзячы па ўсім, ня пройдуць перарэгістрацыю апазыцыйныя партыі. Мяркую, пазатыкаюць шчыліны ў выбарчым заканадаўстве, дзякуючы якім апанэнты рэжыму могуць балятавацца кандыдатамі ў дэпутаты. Каб кампанію выбараў у мясцовыя саветы зрабіць стэрыльнай.
Тое самае адбываецца і ў эканоміцы. Павялічваецца аб’ём фінансавай падтрымкі дзяржпрадпрыемствам. Абвешчаны паход супраць бізнэсу. Узнаўляецца адміністрацыйны кантроль за ростам цэнаў.
Што тычыцца канстытуцыйнай рэформы. Яе нельга лічыць непасрэдным наступствам мінулагодняй незакончанай рэвалюцыі. Бо пра намер памяняць Асноўны Закон Лукашэнка казаў яшчэ ў 2019 годзе. Няма ніякіх падставаў лічыць, што новая Канстытуцыя будзе больш дэмакратычнай за існую. Бо адначасова з уразаньнем паўнамоцтваў прэзыдэнта плянуецца надзяліць нявыбарны орган — Усебеларускі народны сход — статусам вышэйшай дзяржаўнай улады. Было б дзіўна чакаць нечага іншага. Бо Лукашэнка рыхтуе Канстытуцыю для сябе, пад свае асабістыя патрэбы. Інтарэсы грамадзтва ніхто ўлічваць не зьбіраецца.
Чаму Беларусь стала выключэньнем з правілаў і ня ўпісваецца ў агульную заканамернасьць?
Мяркую, гэта вынікае з асаблівасьці беларускага аўтарытарнага рэжыму. Ён выразна пэрсаналісцкі, цалкам закручаны на асобу Лукашэнкі. Усё вызначае асабістая пазыцыя апошняга, на якую практычна мала ўплываюць як вышэйшыя прадстаўнікі кіроўнай намэнклятуры, так і дзяржаўныя інстытуты ці грамадзкія структуры.
Дарэчы, ня думаю, што Лукашэнка шчыра верыць у тое, нібыта падзеі лета і восені 2020 году — гэта ня выбух народнага незадавальненьня, а мяцеж, арганізаваны Захадам. Іначай не было б такіх шырокіх рэпрэсій і нават чысткі дзяржапарату. Вось 25 лютага падчас сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам ён прызнаў, што «ёсьць нейкае недастатковае разуменьне» ў грамадзтве і што трэба рыхтавацца да абвастрэньня сытуацыі ў Беларусі.
І ня толькі ў тым справа, што Лукашэнка занадта ўпарты і ня можа ісьці на саступкі, бо баіцца падацца слабым. Вось жа ў 2017 годзе ён пад ціскам шырокіх пратэстаў фактычна адмяніў дэкрэт пра дармаедаў.
Справа ў тым, што тады, у 2017 годзе, галоўная праблема, якая выклікала пратэст, была лякальная. А цяпер прычына рэвалюцыі — сыстэмная. Каб яе нэўтралізаваць, трэба мяняць беларускую сацыяльную мадэль. А яна для ягонай улады ня толькі аптымальная, а адзіна магчымая. Любыя перамены ў ёй пагражаюць адзінаўладзьдзю.
Нават эканамічныя рэформы зь непазьбежнасьцю пашыраюць сацыяльную базу ягоных палітычных праціўнікаў. Большасьць удзельнікаў вулічных акцый — гэта людзі, якія працуюць у недзяржаўных структурах. Не выпадкова Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе так люта абрынуўся на бізнэс.
Таму Лукашэнка ўпэўнены, што калі пачаць рэформы, то яму наканаваны лёс Міхаіла Гарбачова. І робіць выснову, што адзінае выйсьце — гэта шчыльней заціснуць накрыўку катла, які стаіць на агні. Пакінуўшы толькі адзін кляпан — вымушаную эміграцыю.
Аднак усё ж прыпыненая рэвалюцыя не прайшла бясьсьледна. Яна зьмяніла беларускае грамадзтва. Створана грамадзянская супольнасьць, нацыя, пра што шмат пісалі. Усё гэта значыць, што канфлікт паміж грамадзтвам, якое зьмянілася, і нязьменнай уладай набывае антаганістычны характар.