Паводле інтэрвію чальца прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай расейскаму тэлеканалу «Дождь», Лукашэнка падчас сустрэчы ў СІЗА КДБ абяцаў сыйсьці ў адстаўку датэрмінова, піша ў сваім тэлеграм-канале Валер Карбалевіч.
Яна пераказвае ягоныя словы так: “Рэформы будуць ісьці, Канстытуцыя будзе прынятая, будуць новыя выбары. Гучаў тэрмін праз два гады, потым лета наступнага году, што тады будзе прынятая Канстытуцыя і пройдуць выбары”.
Такім чынам, Лукашэнка паабяцаў сыйсьці пра 1-2 гады. Нешта падобнае ён абяцаў і Крамлю.
А вось беларускай намэнклатуры і грамадзтву ён даводзіць, што зьбіраецца даседзець пяць гадоў. Калі ён кажа, што гэта яго апошні прэзыдэнцкі тэмін, то маецца на ўвазе – да 2025 году. Трохі раней, адразу пасьля вяртаньня з Сочы, ён заявіў: “Наступныя выбры – паводле Канстытуцыі”. То бок праз пяць гадоў.
Такім чынам, Лукашэнка усіх разводзіць, манэўруе, кажа тое, чаго хоча пачуць канкрэтная аўдыторыя. Бо калі раптам цяпер ён заявіць, што праз год я сыходжу, то можна ўявіць, як на гэта прарэагуе ўвесь дзяржаўны апарат. Рэжым пасыплецца, і амапаўцы пачнуць задумвацца, куды бегчы пасьля зьмены рэжыму. Таму ён і маніпулюе, ладзіць танную разводку.