Да чаго вядзе цяперашняя кампанія тэрору супраць грамадзянскай супольнасьці? Што азначае заклік Васкрасенскага да палітвязьняў пісаць прашэньні аб памілаваньні? На гэтыя пытаньні на Свабодзе адказаў палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Карбалевіч:
Улады загадзя падрыхтавалі гэты напад, гэты пагром.
Спачатку зьявілася інфармацыя пра «тэракты», а потым заява Лукашэнкі, што за гэтымі актамі індывідуальнага тэрору стаяць заходнія НДА і мэдыя.
Калі адносна большасьці грамадзкіх арганізацыяў справа абмежавалася ператрусамі і канфіскацыяй тэхнікі, то па двух групах быў нанесены больш моцны ўдар.
Я маю на ўвазе праваабаронцаў і журналістаў.
Гэта была ў значнай ступені помста Захаду за санкцыі з боку палітычнага кіраўніцтва Беларусі.
Удар быў нанесены па тых суб’ектах, лёс якіх зьяўляецца найбольш адчувальным для заходняй грамадзкай думкі.
Гэта будзе дзіўная зьява ў ХХІ стагодзьдзі ў Эўропе — краіна без грамадзянскай супольнасьці.
Гэта спроба ізноў загнаць апанэнтаў рэжыму загнаць у гета Тэлеграм-каналаў.
У Тэлеграм-каналы можна пісаць і з-за мяжы, але гэта даволі абмежаваная аўдыторыя.
Беларускія ўлады рэпрэсіямі гэтага тыдня вельмі дапамаглі місіі Ціханоўскай у ЗША.
Але я ня думаю, што яны гэтую хвалю рэпрэсіяў падгадалі пад яе візыт.
Іх прынцып — махаць рукамі ва ўсе бакі, адбівацца з усіх сілаў, не зважаючы на тое, што робіць праціўнік.
Я чакаў, што за Радыё Свабода прымуцца тады, калі будуць новыя амэрыканскія санкцыі. Пра іх гаварыла Вікторыя Нуланд, высокапастаўленая амэрыканская дыпляматка.
Я меркаваў, што ўлады пачакаюць, пакуль будуць уведзеныя гэтыя санкцыі, паглядзяць, якімі яны будуць.
Тое, што амністыя, якой некаторыя чакалі, не адбылася на 3 ліпеня, ставіць пад сумнеў плён і апошняй ініцыятывы Юрыя Васкрасенскага.
Ён, дарэчы, пра амністыю кажа з канца мінулага году.
Пакуль амністыя рэальна не адбудзецца, мне цяжка будзе паверыць, што ўлады «адкручваюць» назад.
Да верасьня могуць зьявіцца чарговыя санкцыі — і ЭЗ, і ЗША.
Улада раззлуецца і скасуе ўсе пляны амністыі, калі яны ў яе нават ёсьць.
Праект Канстытуцыі, апублікаваны Васкрасенскім, мяне зьдзівіў.
Большасьць экспэртаў меркавала, што Лукашэнка рыхтуе сабе пасаду кіраўніка, старшыні Ўсебеларускага народнага сходу зь вялізнымі паўнамоцтвамі.
Але з абнародаванага праекту гэтая схема не вынікае.
Калі гэты праект сапраўды будзе вынесены на рэфэрэндум, то з гэтага будзе вынікаць, што Лукашэнка сапраўды зьбіраецца сыходзіць.
Вельмі важна, што ў гэтым праекце няма пераходных палажэньняў, не пазначана, калі новая Канстытуцыя ўступае ў сілу.
Калі з 2025 году — гэта мала што мяняе ў палітычнай сытуацыі.
Калі адразу пасьля прыняцьця — тады гэта новыя прэзыдэнцкія выбары без Лукашэнкі, гэта транзыт улады.
У апошнім выпадку прыняцьцё Канстытуцыі азначае палітычны рух, які можа прывесьці да станоўчых вынікаў.
Калі апублікаваная рэдакцыя — канчатковая, я мяркую, што апанэнтам рэжыму варта пайсьці на рэфэрэндум і прагаласаваць за гэты праект.
Такая Канстытуцыя запускае палітычны працэс, магчыма, новыя выбары, магчыма, пачатак пераходнага пэрыяду.
Гэта пэўнае выйсьці з таго тупіку, у якіх знаходзіцца краіна.