Галоўная » Валерый Цапкала: народ жа мусіць калі-небудзь прачнуцца. Чаму не цяпер?

Валерый Цапкала: народ жа мусіць калі-небудзь прачнуцца. Чаму не цяпер?

— Незалежнасць — зыходны пункт любых нашых перамоў на міжнароднай арэне, — падкрэслівае дыпламат, былы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі, стваральнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала, адказваючы на пытанне Еўрарадыё пра “здачу” краіны Расіі. У праграме “Кандыdating” палітык распавядае, што ніколі не называе чалавека на “ты”. Стаўшы прэзідэнтам ён збіраецца пакінуць сабе толькі адну з 18 рэзідэнцый Лукашэнкі, развіць у Беларусі сярэдні клас, а беларусаў зрабіць акцыянерамі нацыянальных актываў.

 

Зямля для беларуса

— Калі людзі хочуць дамагчыся сур’ёзных мэтаў, яны часта ахвяруюць значна большым, чым сваім домам [каб удзельнічаць у выбарах, сям’я Цапкалы прадала дом — Еўрарадыё]. Дом — усяго толькі маёмасць, на якую я асаблівай увагі ніколі не звяртаў. Гэтак жа, як і на адзенне: мяне часта крытыкуюць за занадта дэмакратычны стыль.

Я хачу, як гэта некалі было яшчэ ў Вялікім княстве Літоўскім, каб беларус меў права бясплатна атрымаць участак зямлі, каб збудаваць там дом ці весці фермерскую гаспадарку. Мы ўвялі свой дом у эксплуатацыю праз два гады пасля таго, як я сыйшоў з ПВТ. І гэта сапраўды фантастычнае пачуццё, калі ты можаш хадзіць па сваім участку, выйсці ў двор і пагуляць з дзецьмі ў футбол…
Пра ідэальную дзяржаву

— Я хачу зрабіць нашу дзяржаўную сістэму кампактнай і эфектыўнай. Зрабіць так, каб чалавек як мага менш сутыкаўся з дзяржавай. Каб не людзі былі нешта вінныя краіне, а каб дзяржава была арыентаваная на тое, каб рабіць жыццё людзей і бізнеса зручным і камфортным. І каб сюды прыходзіў замежны бізнес. Такой павінная быць асноўная функцыя дзяржавы. І на самай справе яе перайначыць вельмі-вельмі проста.

 

Захацець прачнуцца ў зусім іншай краіне

— Сённяшняя карціна не падобная на тое, што было 5, а тым больш за 10 гадоў таму. У нас паднялася грамадзянская супольнасць, а дзякуючы сацыяльным сеткам кожны чалавек можа крэатывіць і быць крыніцай інфармацыі. Свет сапраўды змяніўся.

Я іду ў палітычны працэс, добра сабе ўяўляючы, у якой краіне жыву. Але я веру ў сталасць беларускай грамадзянскай супольнасці. Веру ў тое, што ў нейкі момант і нашы настаўнікі, і дактары, і прадстаўнікі іншых прафесій — усё раптам могуць захацець прачнуцца ў зусім іншай краіне. Чаму менавіта на гэтых выбарах павінна прачнуцца свядомасць? Ну некалі ж гэта павінна адбыцца.
Там, дзе вядзецца пра дасягненні, узнікае балота

— Развіццё — гэта заўсёды рознасць патэнцыялаў, заўсёды нейкае напружанне. Іскра можа праскочыць толькі ў руху, калі няма аднолькавасці і раўнамернасці. А там, дзе ўсё роўненька і акуратненька, ёсць стабільнасць, але няма развіцця. Там, дзе стаялая вада, няма дэмакратычнага руху, спрэчак, абмеркаванняў, дыскусій, дэбатаў. Там, дзе вядзецца пра дасягненні, узнікае балота.

Вядома, у балоце — свая экасістэма. Яно мае права на існаванне. Але я ўсё ж такі спадзяюся, што Беларусь ператварыцца ў бурную раку з чыстай вадой, са свежым паветрам, а не будзе краінай з затхлым паветрам стабільнасці і стаячым балотам адсутнасці пераменаў.
Не” люстрацыі

— Я зраблю так, што чыноўніка бачна не будзе. Чалавек не будзе з ім сутыкацца. Але я катэгарычна супраць люстрацыі. Гэта ні да чаго не прывядзе. Бо [пры іншым прэзідэнце] і чынавенства, і сілавы блок імгненна пераапрануцца. Цяпер яны выконваюць тыя задачы, якія перад імі ставяць.
Руская ці беларуская мова?

— У школе ў мяне была пяцёрка па беларускай мове, а па рускай мове — чатыры… Але я лічу, што беларускія землі ўнеслі большы ўклад у развіццё рускай мовы, чым расійскія. Таму адмаўляцца ад рускай мовы мы проста не маем права. Гэта наша агульная спадчына. Але беларуская мова — гэта наша традыцыя, наша культура. І на падтрымку гэтага дзяржава павінна вылучаць вельмі сур’ёзныя грошы.

Але я яшчэ скажу: перадумовай развіцця нацыянальнай мовы з’яўляецца істотны рост дабрабыту народа. Менавіта на гэта будзе арыентаваная мая праграма. Я ўпэўнены, што па меры таго, як мы будзем рабіцца больш заможнымі, будзе расці цікавасць і да сваіх продкаў, і да сваёй мовы, і да сваёй культурнай спадчыны.

 

Аб інтэграцыі з Расіяй

— Дамова аб стварэнні саюзнай дзяржавы ніколі не працавала ў дачыненні да палітычнай часткі інтэграцыі. Працавала ў эканамічнай: фактычна Расія датавала Беларусь. І датавала яна ў тым ліку і тое, што ў нас не праводзіліся рэформы — тое, што мы зараз знаходзімся ў стане эканамічнай адсталасці. Але ў дамове аб стварэнні саюзнай дзяржавы ёсць добрыя рэчы, і іх трэба абавязкова пакінуць — гэта права для расіян і беларусаў свабодна працаўладкоўвацца ў краінах адно аднаго, права на атрыманьне адукацыі, права атрымліваць медычнскую дапамогу і многае іншае. Гэтыя правы робяць жыццё людзей больш зручнам і дазваляюць нам адчуваць сябе братамі.
Чый Крым?

— Калі б я лічыў, што ад голасу Беларусі ў гэтым пытанні залежыць хаця б адна тысячная адсотка, я б сфармуляваў сваё стаўленне да таго, што адбылося 5 гадоў таму. Але ў сувязі з тым, што ніякага ўплыву Беларусь аказаць не можа, не думаю, што мы наогул павінны факусавацца на гэтай праблеме.
Бела-чырвона-белы сцяг побач з чырвона-зялёным

— Першае, што я дазволю зрабіць, — свабодна карыстацца той сімволікай, якую кожны чалавек або кожны бізнес будзе лічыць адпаведнай свайму нацыянальнаму ўспрыманню. Праз нейкі час, пасля таго, як мы навучымся жыць з двума сімваламі, у двух сістэмах каардынат, мы запусцім грамадскае абмеркаванне. Калі грамадства скажа: “Давайце жыць з двума сімваламі, як жыве штат Джорджыя” — ці: “Правядзем рэферэндум” — так і зробім.
Аб сярэднім класе

— Мой ідэал — як у Аўстрыі ці Швецыі, дзе прэзідэнт ці прэм’ер-міністр лётаюць, хаця і бізнес-класам, але сваёй нацыянальнай авіякампаніяй. Я зраблю Belavia адной з самых паспяховых кампаній у Еўропе. 50% акцый Belaviа будуць належаць кожнаму грамадзяніну Беларусі. А Беларускай калійнай кампаніяй на 100% будуць валодаць грамадзяне краіны. Кожны грамадзянін Беларусі будзе таксама атрымліваць даходы ад акцый Белтэлекама, Беларускай чыгункі і іншых нацыянальных актываў. Мая мара — кожнага грамадзяніна Беларусі зрабіць суб’ектным, самастойным і багатым. Ператварыць яго ў тое, што называецца сярэдні клас.

ЗМІЦЕР ЛУКАШУК

МАША КАЛЕСНІКАВА