Улады працягваюць рэалізоўваць даволі жорсткі сцэнар выбарчай кампаніі. Усьлед за масавай нерэгістрацыяй незалежных кандыдатаў працягваецца моцны прэсінг супраць тых, хто застаўся. Прычым, у даволі бесцырымоннай форме, пiша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.
Ілюстрацыйнае фотаХто падрывае статус дзяржавы
Апазыцыйным палітыкам выносяцца папярэджаньні, іх выступы здымаюць з тэлеэфіру. Непатрэбных кандыдатаў пачалі здымаць з выбарчай кампаніі. Паводле стану на 31 кастрычніка, 9 кандыдатаў у дэпутаты пазбавілі рэгістрацыі за розныя парушэньні.
1 лістапада на паседжаньні камісіі Берасьцейскай-Памежнай выбарчай акругі пазбаўлены рэгістрацыі апошні кандыдат — праціўнік акумулятарнага заводу Ўладзімер Мароз.
Прычым, абвінавачваньні на адрас апальных кандыдатаў носяць усё больш анэкдатычны характар. Таму ж Уладзімеру Марозу закідвалі тое, што той у сваёй праграме напісаў наступнае:
«Мы сутыкнуліся зь несправядлівым судом, міліцэйскім бязьмежжам, бязьдзеяньнем чыноўнікаў…» Адна з чальцоў камісіі заявіла, што такія выказваньні «падрываюць статус нашай дзяржавы».
Можна нагадаць, што Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 20 жніўня казаў, што ў сыстэме правасудзьдзя ажыцьцяўляецца масавая фальсыфікацыя крымінальных спраў, у выніку чаго за кратамі сядзіць вялікая колькасьць нявінных грамадзян. Што «некаторыя ў пагонах «прибурели і аборзели». Дык прэзыдэнт таксама «падрываў статус нашай дзяржавы»?
Ці пачнуць караць за цытаты Канстытуцыі
Гэтаксама камісія палічыла, што ініцыятыўная група Ўладзімера Мароза распаўсюдзіла ўлёткі з заклікам «зьмяніць карумпаваную ўладу». Незразумела, што ў гэтым крамольнага.
Тое, што ва ўладных структурах існуе карупцыя? Дык пра гэта рэгулярна пішуць дзяржаўныя мэдыі і кажа сам Лукашэнка. Ці сам заклік да зьмены ўлады палічылі крамолай? Выбарчыя камісіі чамусьці вельмі нэрвова ставяцца да такіх заклікаў, хоць ва усім сьвеце дзеля гэтага і праводзяцца выбары.
У тэлеэфір не прапускаюць выступы кандыдатаў, у якіх гаворыцца пра імпічмэнт Лукашэнкі. Хоць гэтае права дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў запісана у Канстытуцыі. Так справа хутка дойдзе да таго, што людзей будуць рэпрэсіраваць за цытаты з Канстытуцыі.
Новыя мэтады нэўтралізацыі непажаданых
У тым жа Берасьці акруговая выбарчая камісія адмяніла рашэньне аб рэгістрацыі кандыдата па Берасьцейскай Заходняй акрузе № 1 Паліны Шарэнды-Панасюк. Падчас паседжаньня камісіі гучалі проста дзівосныя абвінавачваньні:
«Пры прадстаўленьні праграмы кандыдата ў дэпутаты нам трэба распавядаць, чым зьбіраецца займацца кандыдат у дэпутаты, а не даносіць праўду»; «Ваша праўда не адпавядае той, якую ведаюць выбаршчыкі Ленінскага раёна».
Такія ўяўленьні чальцоў камісіі пра выбарчы працэс.
Зьявіліся і новыя мэтады нэўтралізацыі непажаданых кандыдатаў. Напрыклад, няправільна аформленыя дакумэнты аб адпачынку.
Ці раптам зьяўляюцца улёткі або плякаты ад імя кандыдатаў без выходных дадзеных, пра якія сам прэтэндэнт на дэпутацкі мандат нічога ня ведае. Такая гісторыя здарылася з тым жа Уладзімірам Марозам, а таксама з Мікалаем Маслоўскім па Кальварыйскай акрузе № 104 у Менску.
Атрыманая ўстаноўка ці перастрахоўка?
Улады маглі не прапусьціць апазыцыянэраў у парлямэнт больш элегантна, падчас галасаваньня. Маўляў, народ не падтрымаў. Тым ня менш, незалежных кандыдатаў здымаюць з выбараў груба, дэманстратыўна, не зважаючы на тое, як гэта выглядае звонку.
Відавочна, мясцовыя ўлады атрымалі такую ўстаноўку. Ці то з прычыны банальнай перастрахоўкі, ці то адчуваюць нейкія лятэнтныя грамадзкія працэсы, якія моцна пужаюць?