Галоўная » «Важна, каб ІЧУ ня стала катавальняй». Гісторыя бабруйскага вэгана, які адседзеў пад арыштам 30 дзён

«Важна, каб ІЧУ ня стала катавальняй». Гісторыя бабруйскага вэгана, які адседзеў пад арыштам 30 дзён

28-гадовы вэгетарыянец Іван Манько апавядае пра сваю грамадзкую актыўнасьць, зьмены ў бабруйскім ізалятары і досьвед няволі.

Івана схапілі на Дзень Волі ў цэнтры Бабруйску, бо з-пад курткі была відаць бела-чырвоная футболка. З трыццаці дзён няволі дзесяць ён галадаў, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду, піша Радыё Свабода.

 

Пра Івана Манько. Сьцісла

  • Нарадзіўся ў Бабруйску. Праз праблемы ў сям’і ня скончыў унівэрсытэт. Доўгі час ня мог навязваць кантакты зь людзьмі.
  • З 20 гадоў – вэгетарыянец (адмаўляўся есьці забітых жывёл). Апошнія 8 год – вэган (спажывае ежу толькі расьліннага паходжаньня, ня носіць адзежу з футра і скуры).
  • Да 2020 году працаваў сацыяльным работнікам. Пасьля выконваў разавыя заказы ў інтэрнэце.
  • За ўдзел у леташніх пратэставых акцыях тройчы быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту.

 

«Ва ўлады ёсьць запыт на подласьць».

Іван Манько кажа, што да палітыкі раней ставіўся «амаль абыякава». Упершыню схадзіў на выбарчы ўчастак у 2010-м, акурат празь некалькі дзён пасьля паўналецьця. Тады галасаваў за Яраслава Раманчука, бо ягоная праграма падалася яму «самай разумнай».

Кожныя наступныя выбарчыя кампаніі ён «карпатліва разьбіраўся ў біяграфіях і праграмах вылучэнцаў». Але, як толькі сканчаліся выбары, «выкідаў іх з галавы», бо інтарэсу да падзей у краіне ня меў.

Іван Манько (крайні зьлева) з калегамі па назіраньні, калі іх выдварылі з участку для галасаваньня

Сытуацыя зьмянілася ўлетку 2020 году, працягвае Іван. Віктара Бабарыку, за якога ён зьбіраўся галасаваць, пасадзілі, а ягонага сына «фактычна ўзялі ў закладнікі». Манько запісаўся ў назіральнікі, але камісія скасавала ягоную акрэдытацыю на трэці дзень. Ягонага калегу наагул адправілі ў ізалятар на 15 сутак.

Па словах суразмоўцы, на выбарчым участку ён убачыў, як нахабна паводзілі сябе чыноўнікі ды сілавікі.

«Зь людзей кепская ўлада робіць нягоднікаў, – тлумачыць суразмоўца. – Іх прымушаюць ісьці на ўгоду з сумленьнем дзеля грошай, кар’еры. У выніку грамадзтва робіцца горшым, а благія ўчынкі – нормай», – разважае ён.

 

«Падавалася, што краіна вызвалілася з-пад акупацыі»

Іван Манько называе 2020 год «самым незвычайным у сваім жыцьці», бо дагэтуль не сутыкаўся «з мноствам харошых і дружных людзей» ды «не ўяўляў, што ў сьвеце можа быць столькі даверу і клопату». Іван прызнаецца: тады сваё жыцьцё «пакінуў у падвешаным стане», бо меркаваў, што пратэсты перамогуць і ён зможа разабрацца з сваімі праблемамі.

9 жніўня ён прагаласаваў за Сьвятлану Ціханоўскую, якая «хоць і ня самы моцны лідэр, але разважлівы, умее слухаць і прымаць парады іншых».

Па словах Івана Манько, гвалту пасьля выбараў у Бабруйску амаль не было, хоць цэнтар гораду наваднілі сілавікі. Гараджане «проста гулялі», а «міліцыянты ў рыштунку выглядалі разгубленымі і без жаданьня хапаць людзей».

10 жніўня Івана Манько затрымалі першы раз – яму захацелася падслухаць, пра што між сабой гавораць амапаўцы ў шыхце. У аддзеле ня сталі складаць пратакол і адпусьцілі.

На агітацыйным мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай у Бабруйску

Пратэставыя акцыі ў Бабруйску, калі гвалт суцішыўся, Іван параўноўвае з кадрамі ваеннай кінахронікі, у якой паказана вызваленьне краіны ад акупацыі. Гараджане радасна віталі калёны маніфэстантаў, згадвае ён. Пазьней сілавікі ўзяліся разганяць пратэсты.

Іван Манько тройчы быў пад адміністрацыйным арыштам. За пратэст у Менску напярэдадні інаўгурацыі Лукашэнкі трапіў у Жодзінскі ізалятар, дзе прабыў два дні. Другі раз апынуўся ў бабруйскім ІЧУ – 22 студзеня, пасьля вобшуку. У той дзень апэратыўнікі наведаліся да многіх актывістаў, якія трапілі пад увагу міліцыі за ўдзел у пратэставых акцыях. Нагодай для ператрусаў была крымінальная справа аб зьнявазе супрацоўніка ўнутраных спраў. У ізалятары Івана пакінулі на 10 дзён за фота зь бел-чырвона-белым сьцягам.

 

«Было адчуваньне, што паміраю»

На Дзень Волі Івана Манько міліцыянты схапілі за рукі і ногі ды закінулі ў мікрааўтобус. У гарадзкім упраўленьні міліцыі яму інкрымінавалі парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Паводле міліцэйскага рапарту, ён ішоў у калёне зь іншымі пратэстоўцамі. Сам Іван Манько гэта адмаўляе.

У няволю разам зь ім трапілі яшчэ пяцёра «палітычных». Судзілі іх у ізалятары 26 сакавіка. Івану Манько прызначылі пакараньне ў 30 дзён, ён абвясьціў галадоўку. Яе падтрымалі Ўладзімер Міхалап і Павал Кабанчук, а пазьней далучыліся іншыя асуджаныя за Дзень Волі: Сяргей Бяляеў, Аляксандар Парахневіч ды Сяргей Мардушкоў.

«Галадаваньне не было праяваю моцы, а хутчэй слабасьці, – тлумачыць Іван Манько. – Я стаміўся быць бяспраўным, мне абрыдла, што нас хапаюць і судзяць ні за што. Мне падавалася, што галадоўка – адзіны спосаб хоць неяк супраціўляцца ўсяму гэтаму».

Іван Манько з бабруйскім актывістам Эдуардам Грынявецкім, які праз пагрозу крымінальнага перасьледу зьехаў зь Беларусі

Ён кажа, што бязь ежы правёў больш за дзесяць дзён і дужа аслабеў. Зь цяжкасьцю трымаўся на нагах, у вачах цямнела, было адчуваньне, што памірае. На ранішняй праверцы ледзь ня траціў прытомнасьць і прасіў ахоўнікаў вярнуць яго ў камэру.

Па словах Івана Манько, галадоўку спынілі, бо сталі турбавацца пра здароўе адзін аднаго. У кожнага быў бледны твар, сінякі пад вачамі ды запаволеныя рухі. Да таго ж супрацоўнікі ізалятара стварылі для іх «асаблівы рэжым» з жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня. Начальнік ізалятара шчыра прызнаўся, што палепшыць абыходжаньне зь імі ня можа, і даў асуджаным магчымасьць спакойна абмеркаваць сытуацыю з галадоўкай.


«Мы прыйшлі да думкі, што галадоўку трэба спыняць», – згадвае суразмоўца.

Пасьля галадоўкі ён еў толькі хлеб і раніцай посныя кашы. Раз на тыдзень, як вэгетарыянцу, для яго ў перадачах прапускалі арэхі і сухафрукты. Іх, па ягоных словах, на тыдзень не хапала. 24 сакавіка яго вызвалілі. На самаадчуваньне не наракае, але прызнаецца, што мышцы за 30 дзён аслаблі.

 

«Некаторыя ахоўнікі ператвараліся ў садыстаў»

Па словах Івана Манько, ахоўнікі зьвязвалі пагаршэньне ўмоваў для палітарыштантаў з наведваньнем ізалятара міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым. Таму нібыта падалося, што асуджаныя «жывуць, як у санаторыі».

Шасьцярых нявольнікаў перавялі на «асаблівы рэжым». Іх адразу кінулі ў чатырохмесную камэру. Там ужо былі двое злодзеяў-адміністрацыйнікаў, якім дазвалялі курыць і давалі падвойную пайку ежы. З «хаты» забралі пасьцельную бялізну, матрацы, падушкі ды коўдры. У камэры адключылі батарэі, зрабілася холадна. Лішнюю адзежу мець забаранялі.

«Палітычныя» спалі па двое на двух ложках па чарзе. Разам са сьвятлом ноччу не выключалася радыё. Ім не давалі паперы, каб не пісалі скаргаў на абыходжаньне. За настойлівае патрабаваньне паперы Паўла Кабанчука адправілі ў карцар, кажа Манько.

На адной з акцыяў пратэсту ў Бабруйску

Паводле, яго ахоўнікі кожны дзень прыдумлялі новыя правілы. Напрыклад, палітарыштантам забаранялі днём ляжаць на ложках, а ўначы праводзілі пераклічку. У далейшым іх ужо ўвесь час трымалі ў перапоўненых камэрах, дзе не выключалася ні сьвятло, ні радыё. Ім забаранілі мець асабістыя рэчы, у тым ліку сродкі гігіены. Родным дазвалялі класьці ў перадачы толькі сухары, печыва ды хлеб.

За некалькі дзён да вызваленьня палітарыштантаў замыкалі ў карцары. У душ за месяц іх звадзілі толькі раз.

Іван Манько кажа, што з Уладзімерам Міхалапам, асуджаным таксама на 30 дзён, ня раз шкадавалі, што спынілі галадоўку.

«Многія ахоўнікі, раней някепскія маладыя хлопцы, былі вымушаныя чыніць нам подласьці, – кажа Іван Манько. – Некаторыя спачувалі нам і абыходзілі «асаблівы рэжым« там, дзе маглі, а некаторыя ператвараліся ў садыстаў».

«Не хачу ўсіх вінаваціць, але важна, каб ІЧУ канчаткова не ператварылася ў катавальню», – кажа Іван Манько, азіраючыся на свае адседкі.

Адна з апошніх масавых акцыяў пратэсту ў Бабруйску

Пабываць яшчэ ў ізалятары Іван не хацеў бы. Перажытыя зьдзекі, пагрозы блізкім, кажа суразмоўца, зрабілі пратэсты «справай яшчэ больш асабістай, а таму важнай».

На ягоную думку, «Лукашэнка закруціў так моцна гайкі, што незаўважна для яго самога можа сарвацца тое, што стрымлівае цяпер пратэст – страх».

Фота: Радыё Свабода