Чаму пасадка не спрацуе і што павінны ведаць «таварышы генералы».
Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра пасадку як асноўную стратэгію змагання з іншадумствам.
Наколькі б складаныя выклікі ні стаялі перад сістэмай апошнія 10 гадоў, яна вырашае іх універсальным сродкам — астрогам. Турма зрабілася не проста асноўным, а адзіным аргументам у любых спрэчках, ад адціскання патрэбнага бізнесу да прыбірання апанентаў на выбарах.
У кіданні за краты ёсць процьма выгодаў: чалавек адразу робіцца нябачным, яго можна пазбавіць магчымасці гаварыць у сваю абарону, можна (праз ненаяўнасць вольных пакояў для сустрэч) адмаўляць у спатканнях з адвакатамі. На яго можна ціснуць як заўгодна, а калі ты ў мураваным пакоі і ніхто не бачыць твой страх і боль, ціск робіцца асабліва эфектыўным. Пакуль ён сядзіць, пра яго можна казаць усё што хочаш, у тым ліку што ён цалкам прызнае сваю віну, абвергнуць гэта чалавек не здолее, тым больш калі суд зрабіць закрытым.
Дадамо сюды тое, што, калі яго пасадзіць на важкі тэрмін — напрыклад, на 5 гадоў, — ён як палітычная альтэрнатыва канчаткова знікне, бо пакуль ён сядзіць у цішы і паўзмроку, краіна змяняецца, і ўсе расклады робяцца іншымі — упісацца ў іх «сядзельцу» немагчыма.
Супрацьпаказанні астрогу настолькі неістотныя, што на іх можна проста не зважаць: ну, Еўропа выкажа занепакоенасць. Дык а нашто нам тая Еўропа? Нам жа галоўнае, каб «яны» краіну не атрымалі. Ну, МВФ не дасць крэдыту. Але пра што з ім, з МВФам, гаварыць, як не пра нашыя ўмовы на крэдытную лінію? Мы вам — вызваленне палітычных, вы нам — баблосы. Бо інакш жа будуць патрабаваць рэфармавання эканомікі. А так суцэльная красата, тон задае той, хто саджае.
І як жа гладка і красіва саджалі ў 2000-я. Потым пачаліся першыя праблемы. У палітыку пачалі лезці толькі тыя, каму нямашака чаго было прад’явіць. Ну, не бяды — у Крымінальным кодэксе знайшлося некалькі артыкулаў, прыдатных для таго, каб нават паэта Някляева проста з ложка сцягваць за краты. З 2010 года турэмная індустрыя моцна развілася, падмацоўваючы адчуванне, што невінаватых не бывае, ёсць дрэнна справакаваныя. Як там, дарэчы, справа журналіста Чудзянцова (не маю да яго ніякіх сімпатый, але ж)? Нічога? А ён сядзіць і будзе сядзець столькі, колькі спатрэбіцца.
Бо астрог — наша ўсё.
Але ёсць лёгкае адчуванне, што Ціханоўскі ў 2020-м — не тое самае, што Статкевіч у 2010-м (і ў 2005-м!).
Саджаюць наогул у двух выпадках:
а) калі некага баяцца;
б) калі трэба, каб баяліся ўсе астатнія.
Усе папярэднія палітычныя справы мелі выразную афарбоўку варыянта «б». Бо я ніколі не паверу, што паэт Някляеў уяўляў сабой вострую пагрозу, пазбавіцца якой можна было толькі расправай. Не, выпадак 2010-га выглядаў так: была адносна папулярная сістэма, з рэйтынгам, які перавышаў 50 адсоткаў (але не настолькі, як было аб’яўлена), і была пратэстная меншасць, якой трэба было даць па зубах і шыкнуць, каб яна забілася пад лаву і баялася. Я не ведаю дакладна, колькі людзей ў 2010-м было супраць.
30 адсоткаў?
Меней?
Седзячы ў фэйсбуку, здавалася, што супраць «усе», — але тое стандартныя скажэнні герметычных суполак.
Арышт няўдалага прэтэндэнта ў кандыдаты Ціханоўскага пасля таго, як праз «суткі» яму нават не далі падаць дакументы — ды такі арышт, з такім скандальным відосам, што глядзяць цяпер і ў Берліне, і ў Маскве, — гэта нешта іншае. Гэта жэстура сістэмы, якая прыбірае таго, хто з’яўляецца велізарнай праблемай асабіста. І ці гэта не дзіва: у краіне спатрэбілася «закрываць» нават не кандыдата, а мужа кандыдаткі, які вядомы толькі тым, што быў блогерам…
Паняцці гонару і элегантнасці перамогі канчаткова адсунутыя ўбок, выбары сталі на рэйкі спецаперацыі.
І ўсё гэта на фоне лічбаў падтрымкі, якія прарываюцца цяпер адусюль.
Зразумела, што можна і так. Можна не рэгістраваць Бабарыку, адмаўляць Цапкалу і пакідаць у бюлетэнях толькі выразных клоўнаў, як тое ласкава цяпер шэпчуць у вуха генералы.
Але ці не найкарацейшы гэта шлях да таго, каб аддаць краіну «ім»? Бо тады перамоўцаў проста не застанецца. Тады па той бок будзе толькі апантаны натоўп, з якім «па-харошаму» дакладна не атрымаецца і востра спатрэбяцца «міратворцы».
Ці не той гэта сцэнар, да якога вас штурхаюць тыя «яны», якім вы баіцеся аддаць Беларусь?
Бо я хацеў бы патлумачыць адну важную штуку, якая дагэтуль застаецца незразумелай таварышам генералам. А магчыма, яны гэта выдатна пратумкалі і працуюць цяпер крышачку не ў ваш бок.
Эфектыўнымі арышты застаюцца толькі тады, калі трэба спужаць меншасць. Калі загула большасць — трэба думаць не пра пугу, а пра пернік. Бо вы ж бачыце, што адбываецца: людзі, якія стаяць у чэргах, — не разбегліся. Нават пасля відосаў з дронавага аблёту хаціны 81-гадовай прыхільніцы Ціханоўскага.
Яны страцілі лідара, яны зніякавелі і пакуль не ведаюць, што рабіць далей, але працягваюць выходзіць. І гэта яшчэ нават блізка не выбары.
То мая парада — адумайцеся і адсуньце далей кайданкі.
Віктар Марціновіч, budzma.by