Галоўная » “Вясёлая раніца” у Магілёве: вобшукі ў праваабаронцаў і журналістаў

“Вясёлая раніца” у Магілёве: вобшукі ў праваабаронцаў і журналістаў

Раніца 16 лютага ў Магілёве пачалася “весела” – супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзяць вобшукі ў кватэрах мясцовых праваабаронцаў і журналістаў.

Спачатку стала вядома, што ператрусы адбываюцца ў кватэрах праваабаронцаў Аляксея Колчына і Барыса Бухеля. На тэлефанаванні журналістаў яны пакуль не адказваюць, хоць тэлефоны спрацоўваюць у звычайным рэжыме.

Пазней журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы) паведаміў, што ператрусы таксама адбываюцца ў кватэры па месцы яго рэгістрацыі, а таксама па месцы рэгістрацыі журналіста Аляксандра Буракова (малодшага). “МР” зараз спрабуе удакладніць, дзе зараз знаходзяцца самі журналісты.

Неабходна адзначыць, што “вясёлая раніца” сёння не толькі ў Магілёве. Старшыню ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў Андрэя Бастунца забралі супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама, як яны прадставіліся. Дома ператрус не праводзіцца, але Бастунца забралі, бо ператрус будзе праводзіцца ў офісе БАЖ (Кальварыйская, 16). Міліцыянты паводзяць сябе ветліва і просяць не турбавацца, паведаміла “Нашай ніве” жонка Андрэя Бастунца Сабіна Брыло.

Таксама сёння з раніцы да намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага ломяцца ў дзверы невядомыя.

Ад самай раніцы 16 лютага ў дом да гомельскай журналісткі-фрылансеркі Ларысы Шчыраковай прыехалі  АМАПаўцы. Яны патрабуюць адчыніць дзверы дома, паведамляе тэлеграм-чат “Гомельскай Вясны”. Паведамляецца папярэдне, што следчыя  праводзяць ператрус у межах крымінальнай справы па артыкуле 362 КК РБ (Забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Ператрус у гэты час праводзіцца ў гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца, паведамляе прэс-служба ГА “БАЖ”.

“Магілёўскі рэгіён” будзе адсочваць развіццё падёй.

Іван Барысаў