У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы музею карціны нашага земляка, вядомага мастака Віктара Альшэўскага. Гэтая яго праца не проста мастацкае палатно, гэта вялікі партрэт Веры Паўлаўны Пракапцовай – дачкі Паўла Масленікава.
Пад час імпрэзы адбылася і яшчэ адна падзея – прэзентацыя кнігі Веры Пракапцовай пра свайго бацьку. Адзначым, што Вера Паўлаўна – доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў.
На такую вялікую і значную падзею ў культурна-мастацкім жыцці Магілёва завітала немала высокіх гасцей. У цырымоніі прынялі ўдзел дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзiмiр Пракапцоў, міністр аховы здароўя Валерый Малашка, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.
Пасля імпрэзы музей зладзіў “дзень адкрытых дзвярэй” – усе жадаючыя змаглі наведаць экспазіцыю “Выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны ХХ стагоддзя”.
Мастак Віктар Уладзіміравіч АльшэўскіПадпісанне Акту перадачы твора ў дар музею
Вера Паўлаўна Пракапцова – дачка Паўла Масленікава
Андрэй Кунцэвіч і Уладзiмiр Пракапцоў
У залах экспазіцыі “Выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны ХХ стагоддзя”
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара