Днямі ў райвыканкаме прайшла рабочая нарада, на якой разглядаўся ход падрыхтоўкі Бялынічаў да правядзення ХХVІІ Дня беларускага пісьменства.
Удзел у нарадзе прынялі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл РУСЫ, старшыня аблвыканкама Леанід ЗАЯЦ, яго намеснікі, кіраўнікі служб і ведамстваў, якія задзейнічаны ў падрыхтоўцы да свята.
З дакладам аб стане аб’ектаў, якія патрэбна мадэрнізаваць, і аб працы, што пачалася ў гэтым накірунку, выступіў старшыня райвыканкама Васіль ЗАХАРЭНКА. Ён пералічыў аб’екты, на якія праектна-каштарысная дакументацыя ўжо складзена ці знаходзіцца ў стадыі дапрацоўкі. Таксама паінфармаваў аб тым, што самыя вялікія змены чакаюць цэнтр нашага горада. Вуліцы Савецкая і Мічурына, парк Ліпавы гай, гарадскі стадыён, раённы мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі будуць значна рэканструяваны. У музеі, дарэчы, будзе захоўвацца фрагмент фрэскі з Бялыніцкага манастыра. Рамонт з элементамі мадэрнізацыі чакае многія сацыяльныя аб’екты горада і жылыя дамы. Зусім хутка пачнецца рэканструкцыя інтэрната былога ліцэя № 17. У ім запланавана зрабіць арэндныя кватэры, бо сітуацыя з жыллём у раёне застаецца даволі напружаная. Жыллёвыя пытанні патрэбна вырашыць яшчэ амаль паўтысячы сем’яў бялынічан.
Ужо зараз вядуцца работы па зносе старога будынка бібліятэкі, а следам за ім будзе знесена памяшканне групы цэнтралізаванага абслугоўвання ўстаноў культуры. Дапамагаюць у правядзенні работ супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і арганізацый горада.
Падключаюцца да добраўпарадкавання горада і дарожныя арганізацыі. Ужо пабудавана пешаходная дарожка на пад’ездзе да Бялынічаў з боку аўтазапраўкі. Да жніўня наступнага года будуць прыведзены ў парадак усе дарогі ў ваколіцах райцэнтра, зроблены пеналы для прыпынку грамадскага транспарту і аўтамабіляў.
Губернатар вобласці зрабіў акцэнт на тым, што патрэбна да ўсяго падыходзіць па-гаспадарку, эканоміць кожную капейку, але разам з тым рабіць усё якасна і з толкам.
– Часу на добраўпарадкаванне горада яшчэ пакуль хапае, – дадаў Леанід Канстанцінавіч. – Мы ўсе былі ў Слоніме, бачылі ўзровень правядзення свята. Наша задача – не зніжаць планку. Усе гэтыя аб’екты, якія будуць пабудаваны і адрамантаваны, застануцца для жыхароў Бялыніч і гасцей горада на доўгі час.
Таксама Леанід Заяц нагадаў, што ў працу па добраўпарадкавані павінны найбольш актыўна падключацца мясцовыя будаўнікі і ўсе жыхары раёна.
– Трэба даць магчымасць зарабіць сваім людзям, загрузіць пад завязку ў першую чаргу свае арганізацыі. Працы шмат і папрацаваць трэба ўсім нам, – рэзюмаваў губернатар.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК. Фота аўтара
Крыніца: “Зара над Друццю”