Галоўная » Выбар журналіста. Нялёгкая справа

Выбар журналіста. Нялёгкая справа

Як напісаць пра падзеі праўдзіва, не звяртаючы ўвагу на ціск сістэмы? Як асвятляць “непатрэбныя” падзеі і задаваць “нязручныя” пытанні? Як сумясціць патрабаванні працадаўцы з уласнай прафесійнай этыкай? Большасць спецыялістаў вялікай журналісцкай супольнасці краіны раней ці пазней апыналася перад выбарам. Але ў кожнага быў свой адказ на пастаўленыя пытанні.

Хтосьці станавіўся “ідэальнай зброяй” у руках  заснавальнікаў, куратараў, уладальнікаў – рабіў выключна тое, што ад яго патрабавалі і не думаў пра наступствы, атрымліваючы прыстойныя ганарары. Іншыя працавалі з-пад палкі, загнаныя ў кут умовамі “размеркаванняў”, “кантрактаў”,  “выхада на пенсію” ды іншымі акалічнасцямі. Яшчэ (дзякуй богу, вельмі рэдка) здаралася, што чалавек супрацоўнічаў з дзяржаўнымі СМІ, цалкам шчыра – упэўнены, што ён робіць па-сапраўднаму добрую справу на карысць краіне. Гэта асабліва цяжкі выпадак.  Астатнія вагаліся паміж “крэдытамі” і “растэрміноўкамі”, “дзецьмі” і “бацькамі”, “кватэрнымі пытаннямі” і “долевым будаўніцтвам”, спрабуючы мяняць месцы працы, сыходзячы і прыходзячы – але зноў і зноў апынаючыся ў замкнёным коле ўмоўнасцяў існавання ў сучасным беларускім грамадстве.

Усе, хто сочыць за падзеямі ў Беларусі пасля 9 жніўня, добра ведаюць пра масавае звальненне сталічных журналістаў з дзяржаўных СМІ. Гэта зразумела: у сталіцы цэнтр падзей. А як у нашым рэгіёне?

Высветлася, што прэцэдэнты ёсць, хаця, сыход спецыялістаў з родных рэдакцыяў масавай праявай назваць нельга. Адным з самых яркіх прыкладаў шчырых адносінаў да сваёй працы – звальненне з інфармацыйнага агенцтва “Магілёўскія ведамасці” Дзмітрыя Ляпейкі.

Журналіст з вялікім багажом працы ў друкаваных СМІ (напрыклад, працаваў яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў у вельмі папулярнай моладзевай газеце “Цэнтр-W”), з грунтоўным досьведам працы на тэлебачанні (тэлеканал “Магілёў-2”) і на радыё (аўтарскія перадачы на абласным канале “Новае Радыё Магілёў”), шматгадовым стажам у цэнтральнай газеце вобласці “Магілёўскія ведамасці” і, нарэшце – ініцыятар і стваральнік аўтарытэтнага інтэрнэт-партала “MogilevNews.By”.

Дзмітрый Ляпейка звольніўся напачатку выбарнай кампаніі 2020 года. Як сапраўдны дасведчаны рэпарцёр, які мае “нюх” на падзеі, Дзмітрый сам для сябе здолеў вызначыцца, калі сказаць”Хопіць!” І як інтэлігентны і выхаваны чалавек, не стаў рабіць помпу са свайго ўчынку. Ён проста спакойна і без непатрэбнага тлуму напісаў заяву і развітаўся з месцам шматгадовай працы. Хоць, безумоўна, зрабіць гэта было непроста.

Другім яркім прыкладам сапраўднага стаўлення да прафесіі журналіста з’яўляецца звальненне з пасады намесніка галоўнага рэдактара газеты “Магілёўскія ведамасці” Юрыя Раманава.

Аб прафесійнай дзейнасці Раманава ходзяць легенды. Аповед пра гэтага чалавека варты асобнага артыкула. Фенаменальным з’яўляецца тое, што спадар Юрый тры дзясяткі гадоў быў вядучым журналістам у рэдакцыі сваёй газеты – як яе называюць “галоўная гарадская газета” (заснавальнік Магілёўскі гарвыканкам). Аднак паралельна з афіцыйнай дзейнасцю, Раманаў яшчэ за савецкім часам, напрыканцы 80-х, быў прызнаным аўтарытэтам у альтэрнатыўнай рок-журналістыцы па ўсім Савецкім Саюзе. Магілёўскі часопіс “Окорок”(галоўным рэдактарам якога быў Ю. Раманаў) ведалі і на Далёкім Усходзе, і за Палярным кругам, і ў паўднёвых рэспубліках.

Застацца самім сабой, захаваць права свабодна выказваць думкі сумленнага грамадзяніна сваёй краіны, наважыцца і пакінуць па сваёй волі прэстыжнае месца працы на піку творчай кар’еры і пры гэтым не рабіць ніякіх паказальных акцый. Гэта сапраўдныя якасці найлепшых людзей, дасведчаных прафесіяналаў сваёй справы, у якіх заўсёды ёсць чаму павучыцца.

Дзмітрый Мікалаеў