У апошнія гады Крычаў перастаў развівацца і хутчэй рэгрэсуе, бо скарачаюцца працоўныя месцы, мясцовае насельніцтва з кожным годам памяншаецца, а горад з прамысловага цэнтра з багатай гістарычнай спадчынай ператвараецца ў глухую правінцыю. 1 ліпеня 2015 г. быў прыняты прэзідэнцкі загад № 235 “Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», куды натуральным чынам трапіў і Крычаўскі раён. Прыняты дакумент даваў пэўныя ільготы для прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў і сведчыў пра праблемнасць і адсталасць рэгіёна. Пры гэтым у Крычаве на працягу ўсіх 2010-х гг. мясцовая ўладная вертыкаль траціла сродкі далёка не заўсёды рацыянальна і з карысцю для жыхароў гораду. У дадзеным матэрыяле зроблены невялікі агляд нерацыянальных і зусім непатрэбных фінаснсавых укладанняў у розныя сумнеўныя праекты і ініцыятывы.
Уяздны знак
Амаль ва ўсіх гарадах уезд ў горад маркіруе ўязны знак. Часта такія архітэктурныя формы робяць, каб перадаць асаблівасць горада (прамысловую, культурную, прыродную, нацыянальную і інш.), ці ствараюць знакі рознакалярова-пазітыўнымі альбо кідкімі і прывабнымі для зроку. Гэтыя аб’екты мусяць дапамагаць стварыць цікавы вобраз населенага пункта, “рэкламуючы” сябе.
У Крычаве ў розных канцах горада знаходзяцца тры малыя архітэктурныя формы. Першы знак знаходзіцца пры ўездзе з боку Чэрыкава, другі – па дарозе з Расіі і Клімавіч у горад, і трэці – пры выездзе з Крычава ў бок Мсціслаўля. Апошні ўяздны знак быў зроблены пры ўездзе з боку Расіі і пастаўлены ў 2015 годзе. Займалася рэалізацыяй гэтага праекта тагачасны старшыня раёнага Савета дэпутатаў Таццяна Марачкава. Уяздны знак у выглядзе аркі з праваслаўнай “цыбулінай” і крыжом на версе лакалізуецца недалёка ад абеліску ў памяць аб жаўнерах, якія загінулі пры абароне горада ад нямецкіх войскаў у 1941 годзе. У 2015 годзе мясцовая “раёнка” Крычава пісала: “Уже сейчас этот знак радует глаз и становится достопримечательностью Кричева. Проезжающие мимо с удовольствием около него фотографируются.”. Цяжка з такім меркаваннем пагадзіцца, бо ўяздны знак не адлюстроўвае ніякай гарадской асаблівасці, да і адметнасцю Крычава ён не стаў, а людзі на яго звяртаюць мала ўвагі. Няглядзечы на гэта, грошы Крычаўскім райвыканкамам былі патрачаны і меркавання ў гараджанаў наконт важнасці падобнага аб’екта ніхто не пытаўся….
Стварэнне манумента Міру і самаходка “СУ-100”
У лістападзе 2013 года на 70-годдзе з часу вызвалення гораду ад нямецкай акупацыі замест дзіцячай пляцоўкі быў усталяваны пастамент з самаходкай “СУ-100”. Сапраўды, менавіта ў 1943 годзе савецкія жаўнеры вызвалялі горад ад войскаў Трэцяга Рэйха і раён аўтастанцыі быў адным з першых вызваленых. Але няўжо чынавенства падумала што дзецям бронемашына больш важна чым арэлі? А мабыць логіка была ў тым, каб гэта самаходка стала “вялікай” гарадской адметнасцю. У чарговы раз была эксплуатавана тэматыка вайны і ў межах памяці пра трагічныя ваенныя дзеянні і абарону горада падчас т.зв. Вялікай Айчыннай вайны, праведзена чарговая акцыя. Аднак хачу сказаць, што і без ваеннай тэхнікі помнікаў і мемарыялаў у горадзе хапае, каб не забываць страшныя і трагічныя падзеі. Далей-болей, як кажуць. Трошку пазней у 2017 годзе была ўсталявана стэла “Манумент Міра” напярэдадні Міжнароднага дня міра і 74-гадовай гадавіны вызвалення Крычава ад нямецкіх войскаў. Гэта надзвычай цікавае спалучэнне двух аб’ектаў, бо здаровай логікі ў падобнай з’яве абсалютна няма. Як інтэрпрэтаваць спалучэнне самаходкі, якая сімвалізуе ваенныя дзеянні і манумент міра побач з ім? Дайдзем да міру праз вайну, хіба так? Праўда гэта тлумачэнне цалкам укладваецца ў мілітарыскую дзяржаўную ідэалогію Савецкага Саюза, якая малазмененай перадалася і сучаснай Рэспубліцы Беларусь. Праўда цяпер усталяванне мемарыялаў, гарматаў і танкаў прысвечана ў першую чаргу вызваленню асобнага горада, а ўжо ў другую звязваецца з агульным ваенным трыумфам Савецкага Саюза. Выглядае гэта, па-шчырасці, як абсалютная шызафрэнія і хвароя псіхалогія. Варта адзначыць, што стварэнне манумента Міра, пастамента для самаходкі, упарадкаванне тэрыторыі патрабавалі нямалых грошай, якія можна было задзейнічаць у больш істотных справах для горада і яго жыхароў. Аднак мясцовыя “вертыкальшчакі” гэтым хацелі прадэманстраваць актыўную і бурную работу ў тым ліку і ў галіне ідэалогіі.
Памятны знак, прысвечаны 100-годдзю стварэння памежных войскаў
У маі 2018 года ў парку Перамогі Крычава быў адкрыты памятны знак у гонар 100-годдзя стварэння памежных войскаў. Мемарыял з’явіўся па ініцыятыве раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” пры падтрымцы мясцовага райвыканкама. Заўважу, што падчас адкрыцця знака ва ўрачыстым мерапрыестве прымалі ўдзел кіраўніцтва раёна, Савета дэпутатаў, ветэраны памежных войскаў, прадстаўнікі працоўных калектываў, памежнага камітэта Беларусі і сілавых структур.
У чым сэнс адкрыцця падобнага помніка цяжка здагадацца. І навошта ён спатрэбіўся, калі мяжы паміж Беларуссю і Расіяй практычна няма…. Матывацыя ў тым жа самым – імітацыя актыўнай дзейнасці. Тым не менш грошы на мармуровы знак былі патрачаны, як і ўладкаванне прылеглай да яго тэрыторыі. Грошы чарговы раз былі спушчаны на паветра, бо падобнымі фінансамі можна было вырашыць больш актуальныя задачы эканомікі ці нават захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Аднак вертыкальшчыкі думаюць па-іншаму…
Рамонт помніка Леніну
Штогод пэўныя сродкі ідуць на рамонт помніку Леніна ў старой частцы горада Крычава. Помнік Леніну, які быў пастаўлены недалёка ад Цэнтра культуры ў 1960 годзе, ужо даўно не ў лепшым стане. Савецкія часы з адпаведнай ідэалогіяй таксама прайшлі і гэты “анахранізм” не адпавядае мэтам пабудавання нацыянальнай дзяржавы. Тым не менш кожны год мясцовае чынавенства трацяць фінансы на ўладкаванне помніка і прылеглай да яго тэрыторыі. У канцы жніўня 2020 года вертыкальшчыкі падумвалі перанесці помнік у сувязі з добраўпарадкаваннем тэрыторыі, якая прылягае да раённага Цэнтра культуры. Аднак далей за простыя планаванні не пайшло, а помнік Леніну застаўся стаяць насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы. Атрымоўваецца цэлая гумарэска- Ленін ідзе ў царкву. Аднак не да жартаў, калі разумееш, што абсалютна на пустую справу трацяцца бюджэтныя грошы, якіх і так у Крычаўскім раёне няшмат.
Перавоз трактара-помніка
Гучнай падзеяй восені 2020 года на Крычаўшчыне стала знікненне трактра-помніка з пастаменту ў аграгарадку Касцюшкавічы. Помнік, які быў усталяваны ў 1981 годзе раптам знік, што спарадзіў занепакоенасць мясцовых жыхароў, а таксама шмат чутак наконт яго лёсу. З дапамогай спецтэхнікі трактар звезлі нібыта на “рэстаўрацыю”, пасля чаго ён апынуўся на пастаменце ля былога транспартнага прадпрыемства “Крычаўгрузаўта”. Смех і абурэнне выклікаў такі крок мясцовых уладаў не толькі ў жыхароў вёскі Касцюшкавічы, але і ў саміх крычаўлянаў. Знішчэнне транспартнага прадпрыемства “Крычаўгрузаўта” і яго помніка-сімвала (грузавік ЗІЛ-164), замена на ішны помнік, што не звязаны з прамысловай зонай і гісторыяй гэтай часткі горада, натуральным чынам робіць гэту падзею беспрэцэдэнтнай. Прычым каб дэмантаваць і ўсталяваць на новым месцы, рэканструяваць трактар-помнік і падрэмантаваць пастамент былі затрачаны сродкі. Побач з трактарам-помнікам каля былога прадпрыемства “Крычаўгрузаўта” знаходзіцца вялікі інфармацыйны банэр, які знаёміць з гісторыяй трактара-пуцілаўца. Цэлы комплекс выдаткаў прывёў да рэалізацыі бездумнай, смешнай і бессэнсоўнай ідэі, якая, па меркаванні мясцовага чынавенства, павінна прыцягнуць увагу турыстаў… Увагі няма і наўрадці будзе, а нямалыя сродкі зноўку пусцілі ў паветра…
Хведар Прылёпаўскі