Галоўная » Выехаць за мяжу стане немагчыма? Што рабіць беларусам пасьля рашэньня ЭЗ аб спыненьні палётаў у Беларусь

Выехаць за мяжу стане немагчыма? Што рабіць беларусам пасьля рашэньня ЭЗ аб спыненьні палётаў у Беларусь

Прынятае 24 траўня рашэньне яшчэ патрабуе ўзгадненьня з выканаўчымі ўладамі Эўразьвязу, аднак заходнія авіякампаніі ўжо спыняюць палёты ў Менск.

Рэакцыя ўладаў Эўразьвязу на інцыдэнт з самалётам Ryanair аказалася хуткай. Ужо ўвечары 24 траўня Эўрапэйская рада заклікала ўсіх эўрапейскіх перавозчыкаў адмовіцца ад палётаў над Беларусьсю і ў Беларусь, а таксама забараніць палёты беларускіх авіякампаній у Беларусь. Яшчэ ЭЗ зьбіраецца выпрацаваць дадатковыя санкцыі супраць беларускіх уладаў. Шэраг авіякампаній і краін ня сталі чакаць рашэньняў выканаўчых уладаў Эўразьвязу і спынілі палёты «Белавія» самастойна. Зрабілі гэта і некаторыя краіны, якія ў ЭЗ не ўваходзяць — Вялікая Брытанія і Ўкраіна (удзень 25 траўня беларускія самалёты яшчэ ляталі ў Кіеў, але з 26 траўня палёты спыняцца). Для беларусаў усё гэта азначае значныя перамены ня толькі ў магчымасьцях падарожнічаць, піша Радыё Свабода.

 

Беларусы больш ня змогуць вандраваць?

Адназначна сказаць можна толькі тое, што паездкі за мяжу для беларусаў стануць яшчэ больш складанымі, чым гэта было з пачатку пандэміі.

Перамяшчэньне праз наземныя межы для беларусаў па-ранейшаму моцна абмежаванае. Яго ўвялі ў канцы сьнежня 2020 году, і дагэтуль не зьяўлялася інфармацыі аб адмене абмежаваньняў. Хутчэй наадварот, улады Горадзенскай, Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей ужо ўвялі дадатковую плату за выезд на ўласным аўтамабілі.

Выехаць за мяжу праз наземны пераход цяпер могуць толькі дыпляматы, афіцыйныя дэлегацыі, кіроўцы фураў, камандзіраваныя, а таксама тыя, хто едзе на пахаваньне блізкага родзіча альбо на лячэньне ў шпіталь. Раз на 6 месяцаў выехаць зь Беларусі таксама могуць тыя грамадзяне Беларусі, хто вучыцца за мяжой альбо стала там жыве.

Для «Белавія» застануцца адкрытымі міжнародныя аэрапорты Расеі, Кітая, Турэччыны і, магчыма, яшчэ шэрагу краін, зь якімі ў Менску наладжаныя авіязносіны. Напрыклад, Сэрбіі. Для палётаў у Эўразьвяз тэарэтычна можна будзе выкарыстоўваць маршруты зь перасадкамі ў Маскве ці Стамбуле.

Варта ўлічваць, што гэтыя краіны могуць уводзіць абмежаваньні для транзыту грамадзян іншых краін праз сваю тэрыторыю. Расея, напрыклад, да красавіка 2021 пэрыядычна забараняла гэта для беларусаў. Цяпер большасьць абмежаваньняў адсутнічае пры наяўнасьці актуальнага адмоўнага ПЦР-тэсту, аднак правілы пастаянна зьмяняюцца.

У якасьці хабу для перасадкі пакуль яшчэ можна выкарыстоўваць таксама аэрапорт Тбілісі, бо ўлады Грузіі не абвяшчалі аб намеры забараніць да сябе палёты беларусаў.

Невядома таксама, як могуць зьмяніцца цэны на квіткі зь перасадкамі ў Маскве і Стамбуле. Кіраўнік «Белавія» Ігар Чаргінец неаднойчы наракаў на штучныя абмежаваньні на палёты, створаныя расейскімі і казахстанскімі авіяцыйнымі ўладамі, што выклікала невялікую колькасьць палётаў, вялізны попыт на квіткі і высокія цэны на іх.

Лятаць у арганізаваны адпачынак на курорты ў Эгіпет і Турэччыну па-ранейшаму можна будзе чартэрнымі рэйсамі. Іх зь Менску і абласных цэнтраў выконвае на сваіх лайнэрах «Белавія».

 

Калі ўсё гэта скончыцца?

Ніхто ня ведае. Увечары 24 траўня «Белавія» афіцыйна паведаміла, што прыпыняе рэйсы ў Лёндан і Парыж да канца кастрычніка. Прычыны выбару гэтай даты не тлумачацца. Можна меркаваць, што яна выбрана як прыкладны час адмены абмежаваньняў. Грошы за ўжо набытыя квіткі «Белавія» абяцае вярнуць у поўным аб’ёме.

Эўразьвяз у сваю чаргу ўвогуле не называе ніякіх датаў, да якіх будуць дзейнічаць забароны на палёты. Сярод патрабаваньняў, выстаўленых Менску, неадкладнае вызваленьне Рамана Пратасевіча. Наколькі гэта рэальна ва ўмовах, якія склаліся, можна толькі здагадвацца.

Авіякампаніі краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, занялі пазыцыю чаканьня. У прыватнасьці, ад палётаў над Беларусьсю адмовіўся буйны японскі перавозчык All Nippon Airways. У кампаніі заявілі, што ня будуць карыстацца беларускай паветранай прасторай «да праясьненьня сытуацыі».

Удзень 25 траўня стала вядома, што Беларусь запрасіла прадстаўнікоў міжнародных авіяцыйных арганізацый ICAO, IATA, EASA, а таксама авіяцыйных уладаў цывільнай авіяцыі ЭЗ і ЗША да ўдзелу ў расьсьледаваньні інцыдэнту з лайнэрам Ryanair. Іх рэакцыя пакуль невядомая.

 

Што будзе зь «Белавія»?

2020 год быў для беларускай авіякампаніі няўдалым, нягледзячы на тое, што Беларусь уводзіла мінімальныя абмежаваньні, зьвязаныя з пандэміяй, а сама авіякампанія не спыняла палёты. Аб’ём стратаў склаў амаль 100 мільёнаў рублёў (у 2019-м было каля 70 мільёнаў чыстага прыбытку).

Нягледзячы на гэта, у 2020-м і на пачатку 2021-га авіякампанія атрымала ў лізінг некалькі новых самалётаў і публікавала пляны аб разьвіцьці сеткі маршрутаў. У 2019 годзе «Белавія» выконвала палёты па прыкладна 60 маршрутах, палова зь якіх прыпадала на Эўразьвяз, Вялікую Брытанію і Ўкраіну.

Пасьля пачатку канфлікту на Ўсходзе Украіны Менск стаў своеасаблівым хабам для расейцаў і ўкраінцаў, якія падарожнічалі паміж Масквой і Кіевам. Кіраўніцтва авіякампаніі пакуль ніяк не камэнтавала сытуацыі.

Апошні пост звычайна актыўнага ў фэйсбуку гендырэктара «Белавія» Ігара Чаргінца прысьвечаны інцыдэнту з самалётам Ryanair над Беларусьсю.

Адным са шляхоў выхаду з сытуацыі для «Белавія» магло б стаць павелічэньне рэйсаў у Расею і Казахстан, аднак той жа Чаргінец неаднаразова заяўляў аб несправядлівых умовах для беларусаў у параўнаньні з расейскімі авіякампаніямі. Невядома, ці пойдзе Расея насустрач беларускаму перавозчыку цяпер.

 

Якія яшчэ могуць быць наступствы?

Перш за ўсё эканамічныя. Да пандэміі над Беларусьсю кожны дзень пралятала каля 600 авіялайнэраў. Усе перавозчыкі аплочвалі паслугі дыспэтчараў «Белаэранавігацыі» ў памеры каля 40 эўра за кожныя 100 км маршруту. Пасьля 2020 году аб’ём паветранага трафіку зьнізіўся да прыкладна 450 рэйсаў штодня.

Што будзе пасьля 23 траўня 2021-га, сказаць пакуль складана, аднак страты могуць быць вельмі значнымі, гаворка можа ісьці пра дзясяткі мільёнаў эўра за кожны месяц забароны палётаў.

У дадатак непазьбежная рэакцыя фондавых рынкаў. Яна зьявілася ўжо 24 траўня, на наступны дзень пасьля пасадкі лайнэра Ryanair у Менску. Менш чым за суткі пасьля інцыдэнту з самалётам лоўкостэра кошт беларускіх дзяржаўных аблігацый на Маскоўскай фондавай біржы зьнізіўся на некалькі працэнтных пунктаў. Тое самае адбылося нават з акцыямі прыватнай кампаніі «Эўрагандаль».

 

Ці ёсць такая сытуацыя яшчэ недзе ў Эўропе?

Не, такой сытуацыі не было нават пасьля таго, як над усходам Украіны быў зьбіты малайзійскі лайнэр Boeing 777. У падобным да беларусаў становішчы знаходзяцца жыхары Крыму, якія пасьля сакавіка 2014 году могуць лятаць у іншыя краіны толькі праз Маскву і іншыя расейскія аэрапорты.

Не лятаюць заходнія авіякампаніі таксама ў непрызнаныя краіны і тэрыторыі, такія як Прыднястроўе, Абхазія, Паўднёвая Асетыя, а таксама так званыя ДНР і ЛНР.