На працягу трынаццаці археалагічных сезонаў (з 1996 па 2008 год) на тэрыторыі Глускага замчышча праводзіла раскопкі Ірына Ганецкая, археолаг Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. За гэты час пра Глускі замак шмат чаго цікавага дазналіся не толькі непасрэдна ўдзельнікі раскопак, але і звычайныя глушчане: у раённай газеце рэгулярна друкаваліся рэпартажы, як кажуць, з месца падзей, а яшчэ частка знойдзеных артэфактаў размешчана ў экспазіцыі нашага гісторыка-краязнаўчага музея.
Зараз жа ўсе, хто цікавіцца гісторыяй роднай Глушчыны, маюць магчымасць яшчэ больш дазнацца пра жыццё Глуска з ХVI да канца XVIII стагоддзя: у свет выйшла кніга “Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц”, аўтарам якой з’яўляецца Ірына Ганецкая. У кнізе аналізуюцца як археалагічныя крыніцы, так і пісьмовыя (архіўныя дакументы). Ёсць і вельмі цікавыя, адмысловыя раздзелы, напрыклад: “Вызначэнне рыбінай лускі. Іхтыялагічная калекцыя з раскопак Глускага замка”, “Даследаванне рэшткаў раслін, атрыманых у выніку археалагічных раскопак Глускага замка”.
“Гэтая праца ад пачатку да выхаду кнігі, — расказала рэдакцыі Ірына Уладзіміраўна, — заняла 22 гады. Хачу адзначыць, што Глускі замак даследаваўся рукамі мясцовых школьнікаў: у падмурку кнігі — цаглінкі іх працы. Помнік не быў лёгкім для раскопак: то абвал, то зверху залівае, то знізу вада, то адвал адкінуць трэба… І яны, як кураняткі, грэблі сваімі рукамі зямлю. Дарагія мае хлопчыкі, бязмерна ўдзячна за вашу працу. Канешне ж, хачу сказаць вялікі і шчыры дзякуй усім глушчанам, хто хоць нейкім чынам паўдзельнічаў у раскопках. Некаторыя імёны згаданыя ў кнізе, але далёка не ўсе — пералічыла тых, хто капаў больш за тры сезоны. Асаблівая падзяка былому начальніку аддзела культуры Глускага райвыканкама Уладзіміру Аляксандравічу Шулякоўскаму: дзякуючы яму пачаліся раскопкі і працягваліся 13 сезонаў. У выніку агульнай працы атрымалася вось такая кніга. Шмат што ў ёй пісалася менавіта для вас, мясцовых людзей. Максімальна пададзены імёны і прозвішчы жыхароў Глуска XVI—XVIII стагоддзяў — можа, хтосьці з глушчан пазнае ў іх і сваіх продкаў, якія жылі на гэтай зямлі спрадвеку”.
Кніга пра Глускі замак ужо ёсць у продажы: яе можна набыць у Мінску ў выдавецкім доме “Беларуская навука” або ў кнігарні “Акадэмкніга”.
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту
Крыніца: “Радзіма”