19 мая з Магілёўскага ІЧУ пасля адбыцця арышту выйшлі журналісты Аляксандр Буракоў (старэйшы) і Алесь Асіпцоў.
Сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які прыехаў 5 мая ў Магілёў, каб паразмаўляць са сваімі падпісчыкамі і прыхільнікамі, каштавала свабоды для чатырох магілёўскіх журналістаў. Былі пакараныя дзясяццю суткамі арышту за, нібыта, удзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”, і журналісты Алесь Асіпцоў і Аляксандр Буракоў. Іх тлумачэнні, што яны ніякім чынам не ўдзельнічалі ў гэтых акцыях, а проста выконвалі сваю працу ў якасці журналістаў, на суддзяў не падзейнічалі.
Згодна рашэння раённых судоў Магілёва, журналісты адбывалі пакаранне ў 10 сутак адміністрацыйнага арышту ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама. Алесь Асіпцоў увесь гэты час трымаў галадоўку.
Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, і Асіпцоў, і Буракоў, выйшлі з-за кратаў не зломленымі, абодва збіраюцца працягнуць сваю прафесійную журналісцкую працу.
Каля ізалятара журналістаў чакалі сябры і калегі, сустрэча атрымалася цёплай і сардэчнай. Былыя арыштанты падзякавалі прысутных за салідарнасць і падтрымку.
За кратамі ІЧУ застаўся яшчэ адзін магілёўскі журналіст і праваабаронца – Аляксандр Буракоў (малодшы).
Відэа: Яўген Глушкоў
Тэкст і фота: Іван Барысаў