Незвычайная выстава бескамернай фатаграфіі адкрылася ў магілёўскім музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Магілёўскі фотамастак і пісьменнік, які цяпер пражывае ў Вільні, вядомы таксама пад псеўданімам Андранік Антанян, прадставіў свой эксперыментальны праект, што нарадзіўся з яго даўняй зацікаўленасці да такога закутка сучаснай фатарафіі, калі рэалізацыя ідэяў на фотапаперы адбываецца без дапамогі інструментаў, якія хоць аддалена нагадваюць фотаапарат.
Калі дакладней, гэта закуток далёка не сучаснай фатаграфіі. Тэхналогія выкарыстання фотапаперы дзённага друку, калі выява на адчувальным для святла матэрыяле праяўляецца пад уздзеяннем сонечнага святла без дапамогі праяўляльніка, вядомая ўжо больш за сто гадоў. У прыватнасці, менавіта дзякуючы ёй да нас дайшлі фотаздымкі, выкананыя ў акопах часоў Першай сусветнай вайны.
Пераход да гэтай тэхнікі сам аўтар называе вымушаным. Застаўшыся без сваёй лабараторыі, ён вырашыў працаваць менавіта з тэхналогіяй дзённага друку, якая не патрабуе ніякіх лабараторных працэсаў. Але выявілася, што ва ўмовах развіцця сучасных фотапрактык, падобную фотапаперу індустрыя не выпускае ўжо гадоў дзесяць. Аўтару прыйшлося самастойна вырабляць неабходныя эмульсіі для падрыхтоўкі патрэбнай паперы.
Самаробная фотапапера аказалася, аднак, няўстойлівай – на ёй паяўляліся дэфекты.
“Фрустрацыя ад плёну маіх эксперыментаў спынілася ў адзін прыгожы дзень – адзначае Андрэй Антонаў – калі замест фарматнага негатыву з чарговым нацюрмортам, у капіявальную рамку я паклаў прынесеную з прагулкі галінку з кветкамі вішні і пакінуў яе экспанавацца пад вясновым сонцам. У мяне не было вялікіх ілюзіяў наконт вынікаў гэтага кроку, але калі праз пару гадзін я дастаў паперу з рамкі, то быў уражаны: неспадзявана недахопы тэхналогіі сталіся яе перавагамі. Няроўнасць паліву эмульсіі стварае для мяне маляўнічае фактурнае тло, непрадказальнасць тону паперы дазваляе абраць варыянты колеравага рашэння кампазіцыі”.
Адлюстраваныя на паперы яблыкі, грушы, кветкі запоўнілі два выставачныя залы ў музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі (вул. Ленінская, 37) на час да 4 ліпеня.
Аляксей Бацюкоў