Алесь Сабалеўскі
Гарадская культура шмат у чым развіваецца праз ініцыятывы гарадскіх супольнасцяў, якія, у сваю чаргу, ствараюцца і натхняюцца асобнымі актыўнымі людзьмі. Стыхійныя аб’яднанні ўласным прыкладам даказваюць: зрабіць свой унёсак у змяненне гарадскога асяроддзя можа кожны гараджанін, дастаткова толькі гэтага захацець і ведаць, да каго далучыцца. Ладзячы дыялог паміж жыхарамі горада, прадпрымальнікамі, палітыкамі і прафесійнай супольнасцю, актывісты імкнуцца данесці да гараджан і адміністрацыі думку, што гарады павінны і могуць быць зручнымі і ўтульнымі для людзей.
На разнастайных інфа-пляцоўках існуюць падраздзелы, а на буйных парталах нават цэлыя праекты, дзе публікуюць інтэрв’ю з вядомымі і цікавымі людзьмі, у тым ліку і з тымі, каго прынята лічыць “грамадскімі актывістамі”. Але любы рэсурс мае пэўную рэдакцыйную палітыку, якая можа ўплываць на змест размовы, ды і сам матэрыял можа “губляцца” сярод іншага патоку інфармацыі вялікага парталу і ўспрымацца на гэтым фоне нечым “другасным”. Вось я і падумаў – чаму б не зрабіць цалкам асобны рэсурс, на якім распавядаць пра людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – змяшчаць інтэрв’ю з імі, асвячаць іхныя справы, ініцыятывы і, калі патрэбна, задумкі. І галоўная ідэя праекту – не проста расповед пра “цікавых” людзей, а ў першую чаргу пра тых людзей, хто думае наперад, хто не толькі марыць палепшыць увесь навакольны свет, але і нешта робіць для гэтага. Ну а мэта – паспрабаваць змяніць успрыманне такіх людзей соцыумам як “выскачак”, якім “больш за ўсіх трэба”, данесці да жыхароў горада ўсю важнасць іх актыўнай дзейнасці, зацікавіць простых “абывацеляў” станавіцца “гараджанамі” і самім змяняць жыццё ў горадзе, рабіць горад утыльным, зручным, сяброўскім і прывабным.
Але прызнаюся, гэта пакуль можна назваць пошукам ідэі і ёсць толькі адзін, першы выпуск, цалкам сайт яшчэ “дапіліваю” і дадумваю. А першае інтэрв’ю на праекце – з Лявонам Платоненкам, самым “гучным” нашым магілёўскім актывістам, удзельнікам некалькіх ініцыятыў і грамадскіх аб’яднанняў . Дадам, што дапамагае ў рэалізацыі ідэі магілёўскі Цэнтр гарадскіх ініцыятыў – аб’яднанне як раз гэткіх ініцыятыўных людзей. Ну а калі нехта сам пажадае расказаць пра сябе, пра свае “актыўнасці” і справы – буду толькі рады такім прапановам. Са мной можна звязацца праз Фэйсбук ці Кантакт, альбо напісаць на пошту.
Алесь Сабалеўскі