У час выступлення 6 ліпеня на свяце «Купалле» у Александрыі Шклоўскага раёна Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што для любога чалавека вельмі важна не страчваць сувязь са сваімі роднымі мясцінамі і людзьмі, якія там жывуць.
“Калі ён не страчвае гэтыя пачуцці, значыць, ён чалавек. Калі ён іх страціў і ўзнёсся вельмі высока, забыўшы пра людзей, ён перастае быць чалавекам”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка з вялікім гонарам адзначыў, што правядзенне «Купалля» у Александрыі, на яго малой радзіме, ужо стала традыцыяй, якая дапамагае захоўваць нацыянальную самаідэнтычнасць, традыцыі, культуру, а значыць і сваю родную зямлю.
Наколькі яго словы аб захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, традыцый, культуры адпавядаюць рэчаіснасці, нам усім добра вядома, маючы іншую — супрацьлеглую сітуацыю.
За гады кіравання Лукашэнкі Беларусь страціла не толькі аграмадны пласт народнай культуры, традыцый. За гэтыя гады з-за безгаспадарчасці нашая краіна страціла з выкарыстання тысячы і тысячы гектараў зямлі.
Разуменне «малай радзімы» за 25 год знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе звузілася для Лукашэнкі да дагледжанай і адбудаванай за народныя грошы яго рэзідэнцыі ў Александрыі-2 Шклоўскага раёна — вёсцы, дзе ён правёў сваё дзяцінства, адкуль пайшоў у людзі.
У той жа час мільёнам беларусаў, нярэдка, прыходзіцца з сумам глядзець на тое, што адбываецца з мілымі іх сэрцам куточкамі беларускай зямлі — іх роднымі мясцінамі, што адбываецца з людзьмі, якія там жывуць.
Вось так і я ў часы, калі мне ўдаецца наведаць свае родныя мясціны — вёску, або, як зараз стала модна называць, аграгарадок Цяхцін Бялыніцкага раёна, заўсёды імкнуся пабываць як мага болей у тых месцах, якія цесна звязаны з часамі майго дзяцінсва.
Канешне, у першую чаргу, заўсёды хочацца пабываць у ваколіцах — на ўсход ад аграгарадка — на берагах Друці, дзе з сябрамі дзяцінства ў дні летніх канікул мы амаль кожны дзень прападалі з раніцы да вечара.
У гэтых мясцінаў была і ёсць для мяне і маіх землякоў яшчэ адна асаблівасць. Тут, у фальварку Крынкі, у 1872 годзе нарадзіўся і правеў сваё дзяцінства наш знакаміты зямляк, народны мастак Беларусі, народны мастак Расіі, ганаровы акадэмік Акадэміі навук БССР, член Акадэміі навук СССР Вітольд Каэтанавач Бялыніцкі-Біруля.
Хаця ў часы майго дзяцінства аб фальварку напаміналі толькі рэшткі драўляных падмуркаў ды зараснікі бэзу, кожны з нас з самага маленства ведаў пра гэтыя мясціны і адносіўся да іх з вялікай беражлівасцю.
А калі ўжо ў школьныя гады ў часы наведванняў музеяў Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах і Магілёве на палотнах мастака, напісаных ім па памяці, я пазнаваў краявіды гэтых ваколіц, усё гэта вызывала захапленне і асаблівую павагу да гэтага чалавека, да таго, як ён любіў свой родны край, хоць ў Крынках Вітольд Каэтанавіч правёў толькі дзяцінства.
Непадалёк ад таго месца, дзе раней знаходзіліся будынкі фальварка, зараз усталяваны велізарны валун з сімвалічным надпісам. Каля гэтага помніка раз на год збіраюцца сучасныя мастакі — прафесіяналы і пачаткоўцы — удзельнікі міжнароднага плэнэра імя Бялыніцкага-Бірулі.
На днях мне зноўку ўдалося выкраіць час для наведвання гэтых ваколіцаў.
Але на гэты раз невялікае падарожжа вызвала ў мяне аграмаднае расчараванне. Расчараванне тым станам, у якім за апошні час з-за безгаспадарчасці апынуліся гэтыя мясціны, звязаныя з імём нашага слыннага земляка.
Палі вакол месца, дзе раней знаходзіўся фальварак, у гэтым годзе пазарасталі пустазеллем у пояс чалавека. Тут жа можна пабачыць і рэшткі жывелаў з размешчанага недалек жывёлагадоўчага комплекса. І самае страшнае — гэта сотні, а можа і тысячы тонаў гноевай жыжы, вывезенай з жывёлагадоўчага комплекса на недагледжаныя палі, якая невялікім ручаём, асабліва ў дажджлівае надвор’е, сцякае ў раку Друць.
Як жа ў гэтым годзе мясцовыя ўлады, Бялыніцкі райвыканкам плануюць правядзенне міжнароднага плэнэра імя Бялыніцкага-Бірулі, які адбудзецца напрыканцы жніўня, з запланаваным традыцыйным наведваннем удзельнікамі плэнэра родных мясцін слыннага мастака?
Гэтае пытанне ў першую чаргу хочацца задаць братам Шчуплянковым — старшыні Бялыніцкага райвыканкама і дырэктару гаспадаркі «Новая Друць».
Мабыць традыцыйны міжнародны плэнэр імя Бялыніцкага-Бірулі, які раней звычайна праводзіўся ў ваколіцах Цяхціна, на радзіме мастака, будзе перанесены ў іншы населены пункт або іншы раён. Бо каму захочацца паказваць сваю безгаспадарчасць.
Для гэтага, як яны гэта ўмеюць рабіць, мясцовыя ўлады знойдуць надзейнае абгрунтаванне.
Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ. Фота аўтара
Крыніца: naviny.by