Галоўная » Як Лукашэнка спрабуе вярнуць увагу грамадзтва да сябе

Як Лукашэнка спрабуе вярнуць увагу грамадзтва да сябе

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае намер да выбараў сфармаваць новы склад ураду. Што стаіць за гэтым ягоным ходам?

 

Сьцісла

  • Лукашэнка прызнаў, што на ягоную перамогу працуе ўся дзяржаўная машына. А гэта супярэчыць дэмакратычным стандартам.
  • Кіраўнік дзяржавы заявіў, што заўсёды напярэдадні выбараў у Беларусі мяняецца ўрад. Насамрэч раней такога не было.
  • Лукашэнка адчувае калясальную незадаволенасьць грамадзтва ўладамі. Вельмі натуральна ў такой сытуацыі зрабіць урад громаадводам.
  • Уся ўвага грамадзкасьці цяпер зьвернута на альтэрнатыўных кандыдатаў. Зьмена ўраду — гэта тое, што можа на кароткі час вярнуць цікавасьць да Лукашэнкі.

У панядзелак 25 траўня Лукашэнка правёў нараду «па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаньнях». Ён шмат гаварыў пра эканоміку, пандэмію. Але, здаецца, усё гэта было дымавой заслонай, адцягваньнем увагі ад галоўнай тэмы. Бо дзіўна праводзіць нараду «па сацыяльна-эканамічных пытаньнях» без удзелу чальцоў ураду.

Склад удзельнікаў гэтага мерапрыемства не пакідае сумненьня, што яно было прысьвечана тэме выбараў. Гэта

  • кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка,
  • старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава,
  • кіраўнік спраў прэзыдэнта Віктар Шэйман,
  • старшыня ФПБ, кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Міхаіл Орда.

Кіраўнік дзяржавы спрабаваў гэты факт замаскаваць, казаў, што яму няма калі займацца сваёй выбарчай кампаніяй, шмат дзяржаўнай працы. Але шыла ў мяшку схаваць цяжка.

 

Што ў дэмакратычных краінах лічыцца нонсэнсам, у Беларусі норма

Вельмі паказальным і знамянальным быў наступны сюжэт з выступу Лукашэнкі. Ён папрасіў давесьці да ўсіх службовых асоб наступны пасыл:

«Мы здаём экзамэн. Экзамэн народу. І ня толькі я. Але ўсе мы, уся дзяржаўная сыстэма ўлады. І мы павінны паказаць сваю здольнасьць кіраваць дзяржавай».

Чым адметная гэтая тырада?

Галоўнае прынцыповае адрозьненьне беларускіх выбараў ад сапраўдных свабодных выбараў палягае ў ролі дзяржавы.

Аксіёма дэмакратычнай выбарчай кампаніі — нэўтралітэт дзяржаўных інстытутаў, іх неўмяшаньне ў барацьбу розных кандыдатаў і палітычных сіл. У Беларусі ж органы ўлады — галоўны суб’ект выбараў.

На забесьпячэньне патрэбнага выніку працуе ўся дзяржаўная машына. Самае дзіўнае, што гэтую ролю дзяржавы ніхто не зьбіраецца хаваць, пра што і сказаў Лукашэнка. Тое, што ў дэмакратычных краінах лічыцца нонсэнсам, у Беларусі норма.

У выніку ўсе апанэнты Лукашэнкі змагаюцца ня зь ім, а з усёй дзяржаўнай машынай. Ня дзіва, што кіраўніца ЦВК сёньня ў інтэрвію Naviny.by назвала агітацыю некаторых кандыдатаў часткай «антыдзяржаўнага пляну». У межах згаданай парадыгмы яно так і ёсьць: выступ супраць Лукашэнкі ёсьць выступ супраць дзяржавы.

 

Лукашэнка ні разу не зьмяняў урад напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў

Яшчэ адзін важны пасыл прагучаў падчас нарады. Лукашэнка заявіў, што мае намер да выбараў сфармаваць новы склад ураду: «Мы заўсёды пасьля рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты дзейнага прэзыдэнта абвяшчалі новы склад ураду. Да выбараў. Гэта было прынцыповае пытаньне, каб людзі бачылі, з кім мы будзем працаваць».

Насамрэч такога раней ніколі не было. Ні разу Лукашэнка не зьмяняў урад напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Адзіны выпадак, які неяк можна прывязаць да гэтага пасылу, быў з урадам Андрэя Кабякова. Яго прызначылі 27 сьнежня 2014 году, а выбары адбыліся 11 кастрычніка 2015 году. То бок за 10 месяцаў да дня галасаваньня.

Але больш важна, чаго раптам Лукашэнка загарэўся гэтай ідэяй? Урад Сяргея Румаса яшчэ і двух гадоў не працуе (прызначаны 18 жніўня 2018 году). Найперш таму, што Лукашэнка адчувае калясальную незадаволенасьць грамадзтва ўладамі. Вельмі натуральна ў такой сытуацыі зрабіць урад маланкаадводам, які прыме на сябе ўдар народнага гневу і адвядзе яго ад сапраўднага віноўніка.

Зь іншага боку, Лукашэнка імкнецца паказаць народу, што ён яго чуе, рэагуе на грамадзкія імпульсы, нешта ж робіць. Вось, напрыклад, урад мяняе.

І самае галоўнае. Уся ўвага грамадзкасьці цяпер зьвернута на альтэрнатыўных кандыдатаў. Яны апынуліся ў цэнтры інфармацыйных плыняў. На гэтым тле мала каму цікава, што там гаворыць нязьменны кіраўнік дзяржавы. Тым больш што кажа ён шмат гадоў адно і тое ж.

Лукашэнка апынуўся на пэрыфэрыі ўвагі. Для яго гэтая сытуацыя вельмі балючая. Таму трэба вярнуць цікавасьць, стаць у цэнтры мэдыйных паведамленьняў. Дзеля гэтага патрэбная нейкая гучная акцыя, піяр-ход, які стане заўважным для інфармацыйных рэсурсаў.

Зьмена ўраду — гэта тое, што можа вярнуць цікавасьць да Лукашэнкі. Праўда, усяго толькі на некалькі дзён. Але ў цяперашняй сытуацыі для Лукашэнкі і тое хлеб.

Валер Карбалевіч

Крыніца: Радыё Свабода