Галоўная » Як пандэмія каранавірусу зьмяніла жыцьцё Дому вэтэранаў у Магілёве

Як пандэмія каранавірусу зьмяніла жыцьцё Дому вэтэранаў у Магілёве

Каб засьцерагчыся ад заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй, жыхары магілёўскага Спэцыяльнага дому для вэтэранаў, састарэлых і інвалідаў мусяць вучыцца жыць ва ўмовах самаізаляцыі. Радыё Свабода пацікавілася, як яны ўспрымаюць новыя абмежаваньні.

Пра спэцыяльны дом для вэтэранаў, састарэлых і інвалідаў. Сьцісла

  • Адкрыўся ў 1999 годзе. Месьціцца на вуліцы Бялыніцкага-Бірулі. Да гарадзкога цэнтру грамадзкім транспартам 20 хвілінаў язды. У доме ёсьць крама, пошта, пральня, пост міліцыі.
  • У доме жыве 214 чалавек. Гэта дзяржаўная ўстанова сацыяльнага абслугоўваньня.
  • У кожнага жыхара асобная кватэра (сацыяльнае жытло), за камунальныя паслугі кожны плаціць сам.
  • Дом заселены пераважна інвалідамі І і ІІ групы, хто ня мае іншага жытла і родзічаў, якія б маглі за імі прыгледзець. Ёсьць таксама жыхары, якія ў сілу фізычных ці разумовых асаблівасьцяў вымагаюць дапамогі, каб адаптавацца да самастойнага жыцьця. Гэта перадусім гадаванцы спэцыялізаваных дамоў-інтэрнатаў, дзе яны жылі да 18 гадоў.

«Адусюль гавораць пра каранавірус, таму страх у кожнага ёсьць»

У фае магілёўскага Дому вэтэранаў

Да пандэміі каранавірусу пляцоўка перад Домам вэтэранаў (так сацыяльную ўстанову называюць у Магілёве) была для тутэйшых жыхароў улюбёным месцам для шпацыру. Цяпер яна бязьлюдная. Пустынна і ў фае. Зрэдчасу ажыўляе яго чарга ў невялікую тутэйшую краму. Яе наведваюць ня толькі мясцовыя жыхары, але і насельнікі прылеглага мікрараёну «Спадарожнік».

«Жыхары Дому вэтэранаў — людзі сталага веку, а гэта група рызыкі, таму яны сядзяць па кватэрах», — тлумачыць сытуацыю адна зь першых суразмоўніц. У кампаніі сябровак яна «ненадоўга выйшла на вуліцу, каб падыхаць вечаровым паветрам».

«Цяпер адусюль гавораць пра каранавірус, дык страх у кожнага з нас прысутнічае, — працягвае яна. — Наша адміністрацыя непакоіцца, каб мы не заразіліся. Просіць трымацца самаізаляцыі. Заклікае нас як найменш выходзіць на вуліцу, а як ужо выйшлі, дык выконваць правілы бясьпекі».

Кампанія жанчын, сярод якіх суразмоўніца, бяз масак.

«Але мы захоўваем неабходную дыстанцыю», — дружна рэагуюць жанчыны на заўвагу журналіста.

«У самаізаляцыі, у чатырох сьценах, нядоўга і звар’яцець»

Раней на лаўках бабулькі зьбіраліся, сьпявалі, а цяпер нібыта вымерла ўсё, працягвае гутарку наступная суразмоўніца. Жанчына пэнсійнага веку прыглядае ў Доме вэтэранаў свайго хворага брата.

«Усе тут баяцца каранавірусу, але даводзіцца хоць зрэдку выходзіць з кватэры», — кажа жанчына. У адрозьненьне ад папярэдніх суразмоўцаў, яна ў масцы.

Уваход у Дом вэтэранаў

«Ведаеце, я ўжо заблыталася, калі маска дапамагае, а калі не, — працягвае жанчына. — Столькі меркаваньняў пачула, але ж у мяне ўнукі. Як што, дык у мяне спытаюць, дзе ты, баба, цягалася, што заразу прынесла. Таму старанюся людзей і нашу маску. За сваіх баюся…»

Паводле суразмоўніцы, жыць у Доме вэтэранаў няпроста. Тут часта паміраюць, і таму зьяўляецца дэпрэсіўны настрой.

«Радуе, што часам і сыходзяцца людзі, — адзначае на разьвітаньне жанчына. — Напрыклад, інваліды-вазочнікі знаходзяць пару. Потым прагульваюцца разам. Гэта ня можа ня цешыць».

«Якому нармальнаму чалавеку хочацца заўчасна памерці?»

Наступны суразмоўца празь пералом пазваночніка 25 гадоў у інвалідным вазку. Пра тое, як зьмянілася жыцьцё ў Доме вэтэранаў, апавядае на ганку. Ён таксама адзначае, што раней жыхары зьбіраліся ды разам сьпявалі ў холе.

«Цяпер жа пустынна ўсюды, — зь неахвотай кажа мужчына. — Людзі пачалі пазьбягаць адзін аднаго. З кватэраў выходзяць зрэдку. У аптэку ці па харчы…»

Жыхарка Дома вэтэранаў Марыя

Ягоная суседка Марыя таксама ў інвалідным вазку. На вуліцы выгульвае шчанюка. Маскі на жанчыне няма, бо «ў ёй нязручна». Марыя кажа: каранавірусу ў Доме вэтэранаў баяцца.

«Якому нармальнаму чалавеку хочацца заўчасна памерці?» — кажа яна.

Марыя даводзіць, што адміністрацыя Дому вэтэранаў рэгулярна праводзіць санапрацоўку памяшканьняў агульнага карыстаньня. Для самой жа Марыі галоўнае — маральны спакой, таму стараецца менш глядзець тэлевізар.

«Па ім шмат гавораць пра пандэмію, а гэта моцна ўплывае на псыхіку, — кажа яна. — Калі аддаеш менш часу тэлевізару, то ўдаецца даўжэй захоўваць добры настрой і пазытыўнае ўспрыняцьце сьвету. А далей як Бог дасьць…»

Ягоная суседка Марыя таксама ў інвалідным вазку. На вуліцы выгульвае шчанюка. Маскі на жанчыне няма, бо «ў ёй нязручна». Марыя кажа: каранавірусу ў Доме вэтэранаў баяцца.

«Якому нармальнаму чалавеку хочацца заўчасна памерці?» — кажа яна.

Марыя даводзіць, што адміністрацыя Дому вэтэранаў рэгулярна праводзіць санапрацоўку памяшканьняў агульнага карыстаньня. Для самой жа Марыі галоўнае — маральны спакой, таму стараецца менш глядзець тэлевізар.

«Па ім шмат гавораць пра пандэмію, а гэта моцна ўплывае на псыхіку, — кажа яна. — Калі аддаеш менш часу тэлевізару, то ўдаецца даўжэй захоўваць добры настрой і пазытыўнае ўспрыняцьце сьвету. А далей як Бог дасьць…»

Жыхары Дома вэтэранаў Ігар і Марыя

Кампаньён Марыі па прагулцы Ігар непакоіцца: калі хто занясе ў Дом вэтэранаў «заразу», то старыя могуць хваробу не адужаць. Ён наракае, што многія зь іх ня носяць масак, бо «іх ніяк не пераканаць», і «перасоўваюцца па Доме вэтэранаў без захоўваньня мераў бясьпекі».

«Колькі ні б’ецца з гэтым наша дырэктарка, усё бяз толку, — кажа Ігар. — У іх такая пазыцыя: усё роўна паміраць, а ад чаго, не істотна. Але ў кватэрах дысцыплінавана большасьць сядзіць…»

Адміністрацыя: даводзіцца нямала працаваць, каб пераканаць жыхароў трымацца самаізаляцыі

У адміністрацыі Дома вэтэранаў кажуць, што на 22 красавіка сярод яго жыхароў не было хворых з тэмпэратурай і сымптаматыкай грыпу.

Абвесткі пра каранавірус для жыхароў і наведнікаў Дома вэтэранаў

Там прызнаюць: даводзіцца нямала працаваць, каб пераканаць жыхароў трымацца самаізаляцыі. Трэба тлумачыць, што яны мусяць асьцерагацца і дзеля родзічаў, якія іх наведваюць.

Каб зьменшыць рызыку заражэньня, старым прапануюць дастаўку прадуктаў па месцы жыхарства. Абвесткі пра гэта разьвешаныя па ўсім Доме вэтэранаў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Фота: Радыё Свабода